Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 снежня 2018, 17:34

Моцная дзяржава пры разумнай дэцэнтралізацыі паспяхова вырашае ўсе пытанні грамадства - Мясніковіч

11 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Моцная дзяржава ва ўмовах разумнай дэцэнтралізацыі паспяхова вырашае ўсе пытанні сучаснай грамадзянскай супольнасці. Такое меркаванне сёння журналістам выказаў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У верхняй палаце беларускага парламента сёння з удзелам экспертаў Савета Еўропы абмяркоўваецца развіццё асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў. Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што гэта пытанне не аднаго дня. "Галоўнае, каб былі падрыхтаваны адпаведныя ўмовы, якія дадуць магчымасць уключыць у пытанні самакіравання шмат сацыяльна актыўных людзей на месцах, - растлумачыў спікер. - Спалучэнне моцнай дзяржавы і разумнай, заснаванай на заканадаўстве самаарганізацыі, дэцэнтралізацыі дае магчымасць больш паспяхова вырашаць усе пытанні сучаснай грамадзянскай супольнасці". Размова ідзе, напрыклад, аб развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў рэгіёнах.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Папкоў у сваю чаргу звярнуў увагу, што па беларускім заканадаўстве пытанні жыццезабеспячэння ў рэгіёнах ускладзены на мясцовыя ўлады. Так, Саветы дэпутатаў разглядаюць планы сацыяльна-эканамічнага развіцця падведамных тэрыторый, фарміруюць бюджэт, кантралююць іх выкананне. У час семінара абмяркоўваюцца айчынны і замежны вопыт дзейнасці мясцовага кіравання і самакіравання. Яго перспектывы ў бліжэйшы час будуць разглядацца на пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі. Паводле слоў Аляксандра Папкова, у парадку дня - магчымыя змяненні ў дзеючае заканадаўства, прадастаўленне дадатковых паўнамоцтваў мясцовым уладам, фарміраванне асацыяцый мясцовых Саветаў, якія даюць магчымасць больш эфектыўна вырашаць надзённыя праблемы ў рэгіёнах.

Як паведамлялася, верхняя палата беларускага парламента па дамоўленасці з Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных улад СЕ запрасіла для ўдзелу ў семінары лепшых экспертаў па пытаннях мясцовага самакіравання, у тым ліку развіцця асацыяцый мясцовых Саветаў. Эксперты прадставяць еўрапейскі вопыт работы мясцовага самакіравання ў краінах, якія ўваходзяць у СЕ, праінфармуюць аб стварэнні і ўмовах функцыянавання асацыяцый органаў мясцовага самакіравання на прыкладзе Даніі, Англіі, Балгарыі, Сербіі і іншых дзяржаў. Будуць таксама прадстаўлены рэкамендацыі па стварэнні і развіцці асацыяцый органаў мясцовага самакіравання ў Беларусі.

Па выніках абмеркаванняў будуць распрацаваны прапановы па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці такіх асацыяцый у Беларусі. У краіне іх дзве - у Магілёўскай і Гродзенскай абласцях. Узаемадзеянне ў такім фармаце накіравана на каардынацыю дзейнасці мясцовых Саветаў дэпутатаў у развіцці тэрытарыяльнай, фінансава-эканамічнай, арганізацыйнай і прававой асноў мясцовага самакіравання. Гэта дапамагае ім больш эфектыўна вырашаць пытанні мясцовага значэння з улікам інтарэсаў і патрэбнасцей насельніцтва канкрэтнага рэгіёна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі