Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 чэрвеня 2021, 15:01

Мора кветак і мінута маўчання: мітынг-рэквіем прайшоў каля "Брамы памяці" ў комплексе "Трасцянец"

22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Словы ўдзячнасці вызваліцелям, званы і цішыня мінуты маўчання ў памяць аб загінулых - мітынг-рэквіем прайшоў у мемарыяльным комплексе "Трасцянец", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Каля тысячы мінчан, уключаючы кіраўніцтва горада, прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, прафсаюзаў, партый, грамадскіх і маладзёжных арганізацый, сабраліся сёння на тэрыторыі былога лагера смерці, які па колькасці ахвяр фашызму стаў чацвёртым пасля Асвенціма, Майданека і Трэблінкі.

Памочнік Прэзідэнта - інспектар па Мінску Аляксандр Барсукоў нагадаў, што мужнасць абаронцаў Айчыны, самаадданасць народа дапамаглі ажыццявіць немагчымае - уважліва падрыхтаванае, магутнае наступленне ворага спатыкнулася аб любоў да Радзімы соцень тысяч, мільёнаў людзей. Магутны партызанскі рух у Беларусі адцягваў вялікія нямецкія ваенныя сілы, так неабходныя на франтах. І фашысты зверствавалі тут, звяртаючыся да дапамогі паліцаяў. "Сёння трагічная дата, - сказаў ён. - Тут закатаваны і забіты больш за 200 тыс. чалавек. Уяўляеце, што тут рабілася? Праз што людзям давялося прайсці? Мы да гэтага часу не можам адысці ад таго, што адбылося. Але і фашыстам дасталося няслаба".

Старшыня гарсавета дэпутатаў Андрэй Бугроў таксама падкрэсліў, што мэтай фашыстаў было знішчэнне цэлага народа. І дакладную колькасць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны сёння не назаве ніхто. А жыццё ж нават аднаго чалавека - вялікая каштоўнасць. "Сёння дзень памяці. Але яшчэ гэта дзень папярэджання і напаміну: праўду аб гэтай вайне мы будзем адстойваць, змагацца супраць любых спроб яе перайначыць, зняважыць і абразіць памяць загінулых. Гісторыю нельга падмануць, а яе ўрокі трэба засвойваць. Асабліва калі яны даюцца такой неймаверна вялікай цаной", - дадаў ён.

Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Анатоль Адоньеў таксама заклікаў сучасныя пакаленні "захаваць у сваёй душы трагічныя падзеі, звязаныя з пачаткам вайны, і радасць, звязаную з Перамогай".

Паводле афіцыйных даных, у лагеры Трасцянец загінулі 206,5 тыс. чалавек (паводле неафіцыйных - у два з лішнім разы больш) - мірныя жыхары Беларусі, у тым ліку вязні Мінскага гета, савецкія ваеннапалонныя, удзельнікі антыфашысцкай падпольнай барацьбы і партызанскага руху, прадстаўнікі яўрэйскага насельніцтва Заходняй Еўропы, дэпартаваныя ў Мінск для знішчэння. Маштабы знішчэння былі такія вялікія і жудасныя (людзей катавалі, збівалі, расстрэльвалі, спальвалі), што месцаў, дзе цяпер попел і прах забітых, на тэрыторыі былога лагера адразу чатыры: "Равы-магілы" ва ўрочышчы Благаўшчына, "Яма-печ" ва ўрочышчы Шашкоўка, "Поле пахавання" і былы калгасны "Хлеў".

22 чэрвеня 2015 года на месцы канцлагера адкрыты мемарыяльны комплекс "Трасцянец" з 10-метровым цэнтральным манументам "Брама памяці". Іх падножжа сёння высцілае ярка-чырвонае покрыва кветак. У памяць аб загінулых гучалі званы, малітвы, словы і... чаканны адлік секунд у цішыні мінуты маўчання.

Памятныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 80-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, з самай раніцы 22 чэрвеня разгарнуліся па ўсёй краіне. У кожным раёне сталіцы каля брацкіх магіл, мемарыялаў, ля Вечнага агню на плошчы Перамогі людзі схіляюць галовы ў мінуту маўчання, каб ушанаваць памяць загінулых. На мітынгах, круглых сталах і дыялогавых пляцоўках гучаць словы ўдзячнасці вызваліцелям за свабодную краіну, за мірнае неба над галавой.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі