
Сяргей Шышко
15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Любоў да лесу блогеру Сяргею Шышко перадалася ад бабулі Фаіны. Менавіта да яе ў вёску Боркі ён прыязджаў на канікулы з Узды. Бабуля першай паказала хлопчыку, дзе хаваюцца грыбы, растлумачыла, якія з іх ядомыя, а якія ядавітыя. Пасталеўшы, ён стаў самастойна вывучаць іх і зразумеў: на грыбы беларускія лясы багатыя. Ядомых у нашай краіне больш за 200 відаў! Але ў многіх з іх ёсць і ядавітыя двайнікі, ведаць пра якія трэба абавязкова.

Для непрафесіянала грыбны сезон пачынаецца ў чэрвені і заканчваецца ў кастрычніку. Але Сяргей запэўнівае: з нашымі цёплымі зімамі ў Беларусі на ціхае паляванне можна хадзіць круглы год. Успамінае, як 17 студзеня вярнуўся з лесу з лісічкамі выдатнай якасці. "Збіраю грыбы ў асноўным у Мінскай вобласці - у Капыльскім, Стаўбцоўскім і Нясвіжскім раёнах. Але свае грыбныя мясціны не выдаю. За мной многія сочаць, каб вызнаць сакрэты. Я хаджу па лесе многія кіламетры, трачу час, кармлю сабой насякомых, каб знайсці грыбніцу, якая кожны год будзе дарыць мне плады. А ёсць людзі, якія хочуць атрымаць усё гэта, нічога не зрабіўшы", - тлумачыць блогер.

"Смаржкі - адны з самых дарагіх грыбоў у свеце. Каштоўней за іх толькі труфелі. У Еўропе за смаржкі могуць прасіць да тысячы еўра за кілаграм у сушаным выглядзе. Іх цэняць за незвычайны арэхавы смак і вельмі кароткі перыяд плоданашэння. Далікатэсны прадукт падаюць у дарагіх рэстаранах", - дзеліцца далей блогер. Яшчэ адна асаблівасць смаржкоў у тым, што яны растуць масава. Можна з некалькіх палян сабраць цэлы кошык адборных грыбоў. Рэкорд Сяргея Шышко - 305 штук з адной паляны ў 2023 годзе.

Першыя смаржкі блогер заўсёды высушвае. Ён сцвярджае, што гэта паляпшае якасць грыба ў тры разы, а смак і духмянасць становяцца больш насычанымі і канцэнтраванымі. Тэрмін прыдатнасці такога прадукту неабмежаваны пры правільным захоўванні - у шкляной тары і сухім месцы.

Сяргей запэўнівае, што спачатку блог весці не планаваў. "Усё пачыналася з простага збору грыбоў, а ператварылася ў вялікі праект. У 2018 годзе мая жонка Настасся стварыла новы акаўнт у Instagram, дала яму назву gribnik_by. Аказалася, што тэма цікавая людзям з усяго свету, але асабліва з краін СНД. У сацсетцы і на YouTube-канале я расказваю і паказваю, што можна ўбачыць і сабраць у беларускіх лясах, дзялюся рэцэптамі", - адзначае наш герой.

Ён паказвае фатаграфію ў сваім тэлефоне як пацвярджэнне слоў аб тым, што за адзін паход у лес можа сабраць да 80 л грыбоў. На здымку ўвесь багажнік яго машыны забіты грыбамі, у асноўным белымі і падасінавікамі. "І гэта не фоташоп. Проста беларускія лясы багатыя", - удакладняе Сяргей.

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.