Сцяг Аўторак, 10 сакавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 чэрвеня 2021, 17:02

МНС нагадала аб правілах паводзін у час навальніцы

11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў перыяд з 14.30 да 19.00 па горадзе Мінску чакаецца навальніца, якая захаваецца да канца дня. Пры навальніцах месцамі магчымы град, моцныя ліўні і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Мінскім гарадскім упраўленні МНС.

МНС рэкамендуе ў час навальніцы прыняць меры засцярогі. "Калі вы знаходзіцеся ў памяшканні, закрыйце вокны, дзверы. Адключыце ад сеткі радыё, тэлевізар і іншыя электрабытавыя прыборы. Не размаўляйце па тэлефоне, не карыстайцеся мабільным. У час удараў маланкі не падыходзьце блізка да электраправодкі, маланкаадвода, вадасцёкаў з дахаў, антэны, не стойце побач з акном. Калі вы знаходзіцеся ў лесе, то схавайцеся ў нізкарослым участку лесу, не хавайцеся паблізу высокіх і адзіночных дрэў. Пры знаходжанні ў вадаёме выйдзіце з вады, адыдзіце ад берага, спусціцеся з узвышанай мясціны ў нізіну. Ад металічных прадметаў, у тым ліку матацыкла, веласіпеда, трэба адысці на 20-30 м. Калі навальніца застала вас у аўтамабілі, не пакідайце яго, пры гэтым закрыйце вокны і адключыце радыёпрыёмнік", - расказалі ратавальнікі.

Як правіла, пры навальніцы назіраецца раптоўнае ўзмацненне ветру, таму ратавальнікі рэкамендуюць, калі няма экстраннай неабходнасці, пастарацца не пакідаць кватэр, офісаў. Неабходна закрыць форткі і вокны, не падыходзіць да іх блізка. Калі моцны вецер застаў вас на вуліцы, схавайцеся ў бліжэйшым будынку. Калі няма магчымасці схавацца, то трэба знаходзіцца як мага далей ад будынкаў.

Не трэба хавацца за прыпынкамі грамадскага транспарту, рэкламнымі шчытамі, недабудаванымі будынкамі, пад дрэвамі. Смяротна небяспечна пры моцным ветры стаяць пад лініяй электраперадач і падыходзіць да электраправадоў, якія абарваліся. Не трэба ставіць аўтамабілі каля рэкламных шчытоў, высокіх дрэў, паколькі ёсць верагоднасць іх падзення. У выпадку неабходнасці званіце па тэлефонах 101 або 112.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі