Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 студзеня 2022, 15:02

МНС: моцны вецер захаваецца да канца дня

14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Моцны вецер захаваецца да канца дня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МНС.

"У Мінску працуюць падраздзяленні МНС: прыбіраюць канструкцыі, якія ўпалі на дарогі, распілоўваюць паваленыя дрэвы. Таксама працуюць і камунальныя службы. Моцны вецер захаваецца да канца дня па ўсёй тэрыторыі краіны", - расказалі ў прэс-службе.

Як раней паведамілі ў ведамстве, на гэты момант паступаюць паведамленні аб пашкоджанні з-за ветру шыферных дахаў, некалькіх канструкцый у Гродзенскай і Мінскай абласцях і Мінску. У Гродзенскай вобласці ратавальнікі таксама ліквідуюць наступствы моцнага ветру. Як паведамілі ў абласным упраўленні МНС, ратавальнікамі праведзена работа па ачыстцы дарогі ад Астраўца да пункта пропуску Лоша ад паваленых дрэў.

"Просім усіх быць уважлівымі і асцярожнымі. Калі назіраеце моцныя парывы ветру, па магчымасці ўстрымайцеся ад выхаду на вуліцу", - адзначылі ў МНС.

Паводле інфармацыі Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, сёння на большай частцы тэрыторыі рэспублікі назіраецца ўзмацненне ветру. Аб'яўлены чырвоны ўзровень небяспекі.

"Будзьце ў курсе самі, папярэдзьце вашых сваякоў і знаёмых, - падкрэслілі ратавальнікі. - Трымайцеся на вуліцы далёка ад няўстойлівых канструкцый, дрэў, ЛЭП, новабудоўляў. Будзьце ўважлівымі і асцярожнымі, беражыце сябе. У выпадку няштатных або надзвычайных сітуацый павядамляйце па нумарах МНС 101 або 112".

Фактарамі небяспекі могуць стаць пашкоджанне (абрыў) ліній сувязі і электраперадачы, адключэнне электрычных падстанцый, электраэнергіі ў населеных пунктах, пашкоджанне (абрушэнне) слаба ўмацаваных канструкцый, дахаў будынкаў, збудаванняў, падзенне дрэў.

Акрамя таго, магчыма ўзнікненне такіх надзвычайных сітуацый, як дарожна-транспартныя здарэнні, павелічэнне няштатных сітуацый на сістэмах жыццезабеспячэння і энергетыкі, пажараў у жылых дамах, здарэнняў на водных аб'ектах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі