Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 верасня 2024, 11:28

"Мяне звальнялі адусюль!" Цяпер за яе брошкамі ганяюцца модніцы, а люстэркі капіруюць на AliExpress

19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гісторыя жыцця дызайнера Сашы Баршчовай - натхняльны расказ аб тым, як важна слухаць сябе. Аб тым, што не трэба адчайвацца, калі адны, двое і нават трое дзвярэй зачыняюцца адразу перад носам. Гэта толькі азначае, што дзесьці адкрыліся чацвёртыя, магчыма, адзіныя, здольныя прывесці вас да поспеху. Саша адзначае: калі б не звальнялі адусюль, яна наўрад ці пачала б ствараць брошы і люстэркі і наогул наважылася б адкрыць невялікі бізнес.

Наша гераіня яшчэ ў дзяцінстве зразумела, што самае цікавае для яе - творчасць. Чым толькі не займалася - маляваннем, лепкай, валеннем, вышыўкай, квілінгам, дэкупажам! І ўсяму гэтаму вучылася сама. Таму калі настаў час паступаць у ВНУ, выбрала творчую прафесію - дызайнер інтэр'ера. Першым месцам работы стала мэблевая фірма, павільён якой размяшчаўся ў вялікім гандлёвым цэнтры. Даводзілася маляваць кухні, улічваючы пажаданні заказчыкаў і... гаспадароў салона. "Фактычна сумяшчала работу дызайнера і менеджара. Начальства, вядома, было зацікаўлена, каб я прадавала кліентам пэўныя пазіцыі. А я проста ненавіжу "ўцюхваць"! І мяне звольнілі", - расказвае Саша. Нядоўга прапрацавала яна і ў іншых месцах - фірмах па вытворчасці шаф-купэ і люстраў.

"Я рада, што так склалася. Калі я была наёмным работнікам, даводзілася ісці за трэндамі, а на самай справе я заўсёды марыла іх дыктаваць", - прызнаецца дызайнер. І хутка так і адбылося. Саша пачала бізнес у нішы, дзе да гэтага часу дыктуе трэнды. А пачалося ўсё выпадкова.

"Прыблізна 12 гадоў таму з'явілася навамодная з'ява - кірмашы і маркеты, дзе дызайнеры і майстры маглі прадаваць свой хэндмэйд. Яны хутка сталі папулярнымі. Мая сяброўка-дызайнер прадавала там сумкі сваёй вытворчасці. І неяк прапанавала далучыцца да яе. Я наляпіла з палімернай гліны коней, таму што быў год Каня, і з імі адправілася на маркет. Яны былі не ідэальнымі, але іх усё роўна хутка раскупілі. Гэта дало імпульс паспрабаваць зрабіць штосьці яшчэ", - успамінае Саша.

Хутка яна прыдумала свае фірменныя брошкі-кветкі з палімернай гліны са сцёбламі з тонкага шнурка. Такія да гэтага часу папулярныя ў аматарак унікальных упрыгажэнняў. Майстар запэўнівае, што ведае сярод сваіх пакупніц сапраўдных калекцыянераў - у іх бывае па 30 кветак.

Калі незвычайныя кветкі пакарылі сэрцы модніц, высветлілася, што ў іх аўтара... алергія на палімерную гліну. Таму Саша пачала эксперыментаваць: ствараць работы з японскай гліны на аснове валокнаў цэлюлозы, драўляныя брошкі з бісерам. А аднойчы вырашыла перайсці да больш буйных форм. Так з'явіліся казачныя люстэркі ў размаляванай драўлянай аправе. "Атрымалася вельмі класна. Мае работы актыўна куплялі на розных сайтах, дзе прадаюць хэндмэйд. А потым здарылася нашумелая гісторыя з AliExpress", - успамінае дызайнер.

Аб тым, што на папулярным кітайскім маркетплэйсе прадаюць копіі яе люстэркаў, яна даведалася ад адной са сваіх падпісчыц. Тая прыслала спасылку і Саша ахнула: там выстаўлены яе фатаграфіі! Розніца была толькі ў цане: за падробку прасілі ўсяго Br25, у той час як арыгінал каштуе мінімум у шэсць разоў даражэй. "З цікавасці заказала адно люстэрка. Яно было меншым, чым маё, больш тонкім, малюнак скажоны. Замест люстэрка - пластмаса. Вядома, крыўдна, што AliExpress капіруе мае ідэі, прычым у страшэннай якасці. Перажывала, што людзі будуць заказваць на маркетплэйсе бязглуздзіцу, прымаючы за аўтарскія работы, і мая рэпутацыя пачне падаць. А потым перастала непакоіцца", - гаворыць дызайнер.

За 12 гадоў яна пабывала і ІП, і рамесніцай, і плацельшчыкам падатку на прафесійную дзейнасць. Адзначае, што пачынаць з ІП было няпроста: "Па-першае, даводзілася самой клапаціцца пра сваю зарплату. Па-другое, аказалася, што ўся бухгалтэрыя і дакументаабарот цяпер таксама на мне. Асабліва нялёгка было з запаўненнем падатковай дэкларацыі - ні разу не ўдалося гэта зрабіць адразу правільна. Паперы для мяне - цёмны лес!"

З рамесніцтвам аказалася прасцей: падатак Br6, ніякіх дэкларацый і іншых дакументаў. "Спачатку баялася, што складана будзе аплачваць: думала, пачнецца гісторыя, як з падатковымі дэкларацыямі ў ІП, але на справе ўсё вельмі лёгка і зразумела. Дарэчы, нарэшце даведалася, колькі зарабляю. Ніколі раней не вяла падлік, а цяпер абавязана гэта рабіць. Калі коратка - жыць можна, прычым нядрэнна", - запэўнівае майстар.

Саша Баршчова - гераіня нашага праекта "Беларусы ў кадры". Мы пабывалі ў яе Залюстроўі ў самым цэнтры сталіцы і даведаліся, чаму "схему Баршчовай" па ператварэнні хобі ў бізнес многім не ўдаецца паўтарыць, што дызайнеру ўзнімае настрой у лесе і чаму яна - фанат падвяночкавага лістка.

Кожны тыдзень у газеце "7 дней" і на сайце БЕЛТА мы глядзім на свет вачамі простых беларусаў, якія шчыра любяць сваю справу, сям'ю і краіну. Усе нашы героі ўнікальныя, але іх аб'ядноўвае адно - вернасць сабе і зямлі, дзе яны жывуць.-0-
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту

Фота Сяргея Шэлега
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі