Сцяг Серада, 1 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 красавіка 2024, 14:11

Міжнародная выстаўка-кірмаш турыстычных паслуг "Адпачынак-2024" адкрылася ў Мінску

18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску адкрылася 26-я міжнародная выстаўка-кірмаш турыстычных паслуг "Адпачынак", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выстаўка праходзіць з 18 па 20 красавіка ў шматпрофільным культурна-спартыўным комплексе "Мінск-Арэна" ў будынку канькабежнага стадыёна. Гэта самая вялікая турыстычная выстаўка Беларусі ў катэгорыі "Турызм і адпачынак". Акрамя таго, яна ўяўляе сабой міжнародную дзелавую пляцоўку для краін, рэгіёнаў і турыстычных кампаній з усяго свету, якія прэзентуюць прадукты і паслугі на беларускім рынку.

"Я ўдзячны ўсім, хто адгукнуўся на прапанову арганізатараў прыехаць на выстаўку і прадэманстраваць свае лепшыя турыстычныя магчымасці. Беларусь актыўна праводзіць дзяржаўную палітыку, звязаную з падтрымкай і развіццём турызму, асабліва ў частцы нарматыўнага рэгулявання. Так, у адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы мы адкрылі бязвізавы рэжым для нашых краін-суседзяў. Мы гасцінна іх сустракаем, і людзі бачаць, як жыве і развіваецца наша краіна. Беларусы са шчырай ветлівасцю прымаюць гасцей, і гэта наша нацыянальная рыса", - сказаў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка.

Ён таксама падзякаваў калегам з Расіі, супрацоўніцтва з якімі назваў важнейшым элементам развіцця сумеснага турыстычнага патэнцыялу. "Нядаўна праведзены другі Беларуска-расійскі турыстычны кангрэс сведчыць, што сфера турызму ў нашых краінах актыўна развіваецца. Мы зацікаўлены, каб нашы людзі падарожнічалі і атрымлівалі пазітыўныя эмоцыі, - дадаў віцэ-прэм'ер. - Толькі за мінулы год 5 млн расіян наведалі Беларусь. Упэўнены, у бягучым годзе турыстаў будзе не менш. Акрамя таго, мы актыўна развіваем сваю інфраструктуру. За апошнія тры гады для стварэння камфортнага асяроддзя падарожнікаў мы ўвялі ў эксплуатацыю больш за 39 аб'ектаў".

У бягучым годзе ў выстаўцы прымаюць удзел больш за 300 экспанентаў. Сярод краін-удзельніц - Беларусь, Туркменістан, Узбекістан, Палесціна, Куба, Турцыя, Кыргызстан, Расія. Упершыню на выстаўцы прадстаўлены ўсе 118 раёнаў нашай краіны. Таксама ў мерапрыемстве ўдзельнічаюць 27 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Ва ўдзельнікаў і наведвальнікаў выстаўкі ёсць магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі сусветных турыстычных асацыяцый, рэгулятарамі галіны, знайсці новых кліентаў і партнёраў, а таксама даведацца пра трэнды індустрыі на ўнікальных мерапрыемствах дзелавой праграмы. Гэта эфектыўная бізнес-пляцоўка для рэкламы турыстычных маршрутаў, новых тураў, сустрэч з партнёрамі, наладжвання новых дзелавых кантактаў.
Арганізатары выстаўкі - дзяржаўнае прадпрыемства "БелЭкспа", Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнае агенцтва па турызме. Генеральны партнёр выстаўкі - Ніжагародская вобласць Расійскай Федэрацыі.-0-

Фота Віталя Піваварчыка
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі