Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 лютага 2019, 14:42

Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук створыць цэнтр па вывучэнні кніжнай культуры

26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны цэнтр па вывучэнні кніжнай культуры будзе створаны пры Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН). Адпаведны пратакол падпісаны сёння ў Мінску ў час работы XI Сесіі Савета па кнігавыданні пры МААН, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

"Галоўная мэта новай структуры - даследаванне чытання як важнага сацыялізуючага фактару, падрыхтоўка рэкамендацый, распрацоўка новых форм работы, адаптаваных да сённяшніх рэалій, прыцягненне да чытання перш за ўсё моладзі. Асаблівую ролю ў гэтым пытанні будзе адыгрываць работа Савета па кнігавыданні, які дзейнічае пры Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук", - адзначылі ў прэс-службе.

Як падкрэсліў сёння на пленарным пасяджэнні сесіі Савета па кнігавыданні старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук Уладзімір Гусакоў, дзейнасць савета садзейнічае фарміраванню інавацыйных падыходаў, з'яўленню новых ідэй, пашырэнню даследчай прасторы, адкрыццю новых навуковых перспектыў, і, што не менш важна, дыялогу паміж прафесійнай супольнасцю і масавай аўдыторыяй.

Сёння адбылося ўзнагароджанне пераможцаў міжнароднага конкурсу на саісканне прэміі імя Д.С.Ліхачова Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук. Пераможцамі конкурсу на саісканне прэміі за лепшыя навуковыя работы, якія ўнеслі буйны ўклад у нацыянальную культуру, навуку аб кнізе, вывучэнне гісторыі, тэорыі і сучасных праблем кніжнай культуры, сталі 13 навуковых супрацоўнікаў Расіі і Беларусі. Конкурс праводзіцца раз у тры гады.

Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук была створана ў 1993 годзе ў Кіеве для арганізацыі ўзаемадзеянняў паміж акадэміямі розных краін. З 2017 года НАН Беларусі стала выконваць функцыі базавай акадэміі навук у арганізацыйным і метадычным суправаджэнні МААН. Кіраўніком Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук быў выбраны старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. Вышэйшы кіруючы орган Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук - Савет МААН. Па стане на студзень 2019 года ў склад МААН уваходзяць 15 паўнапраўных і 8 асацыіраваных членаў, дзейнічаюць таксама 19 навуковых саветаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі