Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 кастрычніка 2021, 15:26

Міцкевіч: толькі адзінства і салідарнасць усіх краін з'яўляюцца залогам поспеху ў барацьбе з пандэміяй

15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Толькі адзінства і салідарнасць усіх краін з'яўляюцца залогам поспеху ў барацьбе з пандэміяй, заявіў сёння намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Валерый Міцкевіч у час сустрэчы з дырэктарам Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Хансам Клюге, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У сувязі з гэтым лічым недапушчальным палітызацыю пытання аб паходжанні каранавіруснай інфекцыі. Акрамя таго, непрымальна прымяненне аднабаковых прымусовых мер і санкцый ва ўмовах пандэміі. На фоне вельмі цяжкіх выпрабаванняў для дзяржаў у сувязі з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі такі націск вядзе да пагаршэння сітуацыі, асабліва з улікам павышанай патрэбнасці закранутых краін у набыцці лякарстваў і медыцынскага абсталявання. Толькі праз міжнароднае супрацоўніцтва, накіраванае на абмен інфармацыяй, перадавым вопытам, забеспячэнне ўсеагульнага доступу да вакцыны можна перамагчы пандэмію", - сказаў Валерый Міцкевіч.

Віцэ-спікер выказаў упэўненасць, што візіт Ханса Клюге ў Беларусь стане яшчэ адным важным этапам ва ўмацаванні шматгадовага паспяховага супрацоўніцтва нашай краіны з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. "Дзейнасць СААЗ, якая рэалізуецца праз кансультацыйную, экспертную, тэхнічную дапамогу краінам, у вырашэнні ключавых праблем аховы здароўя проста неацэнная, асабліва ў цяперашніх умовах. Пытанні аховы здароўя заўсёды адносіліся да прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі Беларусі. Яе асноўная мэта - доўгатэрміновае развіццё здаровай нацыі. І гэту мэту мы плануем дасягаць праз захаванне і ўмацаванне здароўя грамадзян у Беларусі, павелічэнне працягласці жыцця, зніжэнне смяротнасці, росту нараджальнасці", - адзначыў ён.

У Беларусі наладжаны пастаянны абмен вопытам з іншымі краінамі, вядзецца цеснае супрацоўніцтва з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый і яе структурамі. "Удзяляючы вялікае значэнне сурацоўніцтву з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, Беларусь праводзіць паслядоўную палітыку па рэалізацыі яе рашэнняў і рэкамендацый. У сувязі з гэтым хачу падзякаваць СААЗ за падтрымку маштабных праграм па комплексным развіцці, удасканаленні нацыянальнай сістэмы аховы здароўя. Яны ўвасабляюцца ў жыццё праз рэалізацыю сумесных двухгадовых планаў. Не менш важным для захавання здароўя насельніцтва і ўкаранення ў жыццё сучаснай стратэгіі здароўя лічу праект "Здаровыя гарады", які выконваецца непасрэдна пры падтрымцы Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ. У яго ўключаны 40 населеных пунктаў па ўсёй Беларусі", - сказаў ён.

Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў канстатаваў, што сучасная медыцына развіваецца надзвычай хуткімі тэмпамі. Аднак шэраг захворванняў патрабуе дадатковага сур'ёзнага вывучэння. "Сумесная работа і трэнінгі арганізуюцца ў рамках яшчэ аднаго праекта Беларусі і СААЗ у галіне скрынінгу анкалагічных і кардыялагічных захворванняў. Гэта дае магчымасць павысіць узровень прафесіяналізму беларускіх урачоў-дыягностаў і ў цэлым палепшыць эфектыўнасць лячэння пацыентаў. Безумоўна, карысць прынясе і дзейнасць Цэнтра супрацоўніцтва з СААЗ па ўкараненні новых прэпаратаў і рэжымаў для эфектыўнасці лячэння туберкулёзу. Усяго толькі за паўтара года работы навучанне ў цэнтры змаглі прайсці больш за 100 спецыялістаў з розных краін: Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Туркменістана, Малдовы, Узбекістана і шэрага іншых. Дадатковы імпульс партнёрству Беларусі і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя надасць удзел міністра аховы здароўя Беларусі ў рабоце Выканаўчага камітэта СААЗ. Дзейнасць у кіруючым органе СААЗ дасць магчымасць пашыраць інтарэсы на гэтай міжнароднай пляцоўцы не толькі самой Беларусі, але Еўрапейскага рэгіёна ў цэлым", - растлумачыў віцэ-спікер.

Беларусь актыўна ўдзельнічае ў дыскусіях па актуальных пытаннях парадку дня СААЗ. "Наша краіна стала адным з аўтараў усёабдымнай рэзалюцыі Сусветнай асамблеі аховы здароўя па тэме COVID-19, прынятай у 2020 годзе. Хачу адзначыць, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя адыгрывае цэнтральную ролю ў каардынацыі міжнародных намаганняў па рэагаванні на крызіс, выкліканы распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. Пры гэтым першарадная роля і адказнасць у прыняцці мер па барацьбе з пандэміяй прыналежыць урадам. На ўзроўні беларускага ўрада для каардынацыі работы па папярэджванні распаўсюджвання інфекцыі створана і функцыянуе міжведамасная рабочая група пад кіраўніцтвам намесніка прэм'ер-міністра. Прыняты нарматыўныя прававыя акты, якія вызначаюць меры па прадухіленні завозу і распаўсюджвання COVID-19, тым самым рэгламентуецца парадак дзеянняў у выпадку ўзнікнення ўскладнення эпідэміялагічнай сітуацыі, - дадаў Валерый Міцкевіч. - У краіне праходзіць актыўная кампанія па вакцынацыі. Выбраная Беларуссю мадэль рэагавання ўлічвае рэкамендацыі СААЗ і міжнародны вопыт. Мы ў аптымальнай меры захавалі жыццядзейнасць дзяржавы, перш за ўсё яе эканоміку, пры гэтым пастараліся забяспечыць максімальную абарону насельніцтва. Будзем рады, калі наш вопыт будзе карысны для краін еўрапейскага рэгіёна, і спадзяёмся на далейшае плённае супрацоўніцтва з СААЗ".

Ханс Клюге падзякаваў беларускаму боку за арганізацыю сустрэчы ў парламенце. "Гэта вельмі важны момант у праграме майго візіту. Па-першае, дазвольце павіншаваць вас з тым, што Беларусь уваходзіць у Выканаўчы камітэт СААЗ. У гутарках з прадстаўнікамі многіх краін я гаварыў, што пытанні аховы здароўя павінны быць па-за палітыкай, і той факт, што Беларусь уваходзіць у склад Выканаўчага камітэта, з'яўляецца істотным дасягненнем. Упэўнены, што краіне ёсць чым падзяліцца і яе прысутнасць пойдзе на карысць работы Выканаўчага камітэта", - дадаў ён.

Дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро прывёў прыклад, якім чынам у нас у краіне арганізавана першасная медыка-санітарная дапамога. "Вы захавалі тое добрае, што было ў савецкай сістэме, абнавілі сістэму з улікам новага абсталявання і тэхналогій, выкарыстоўвалі доказныя кіруючыя прынцыпы для таго, каб забяспечыць усёабдымны ахоп першаснай медыка-санітарнай дапамогай. Хачу падзякаваць вам за тое, што вы заўсёды ставілі ў прыярытэт пытанні аховы здароўя, асабліва ў кантэксце пандэміі, якая паказала, што без здароўя няма эканомікі, няма дзяржавы, няма сацыяльнага адзінства. А таксама дзякую вам за падтрымку ва ўсёй нарматворчасці, якая датычыцца барацьбы з пандэміяй. Уся дзейнасць СААЗ і ўсе Мэты ўстойлівага развіцця сістэмы ААН факусіруюцца на прынцыпе "нікогда не пакінуць без увагі, нікога не пакінуць не ахопленым". Таму вельмі важна сустракацца з вамі. Дзякуй за гэту сустрэчу, таму што мы цяпер знаходзімся на пляцоўцы дэмакратыі, інакш кажучы, гэта тая ўстанова ў краіне, якая прадстаўляе голас выбаршчыкаў. Я ў СААЗ з'яўляюся менавіта тым рэгіянальным дырэктарам, які нарошчвае аб'ёмы ўзаемадзеяння з парламентамі", - рэзюмаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі