Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 жніўня 2020, 16:34

Мітрапаліт Павел заклікаў беларусаў да разважлівасці, міру і дыялогу

12 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі заклікаў беларусаў да разважлівасці, міру, дыялогу і згоды. Адпаведную заяву ён зрабіў сёння на сустрэчы з журналістамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Зусім нядаўна мы святкавалі вялікую падзею - 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 75 гадоў наш народ жыў у згодзе, міры, аднадушнасці, ствараючы сваё жыццё. І сёння мы не думалі, што да нас можа прыйсці бяда, што родныя і блізкія людзі могуць паўстаць адзін супраць аднаго. Я хацеў бы заклікаць усіх да разважлівасці, міру, магчымага дыялогу і згоды", - сказаў мітрапаліт.

Кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы звярнуўся да тых, хто прыбыў у Беларусь для таго, "каб пакуражыцца, распаліць варожасць і нянавісць". "Вяртайцеся ў свае дамы, не распальвайце тут полымя варожасці і нянавісці. Наш народ столькі перажыў бед, войнаў, што, напэўна, многім пакаленням і народам хопіць. Пакіньце беларускаму народу магчымасць самому жыць і выбіраць шлях, па якім ён пойдзе далей", - падкрэсліў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Мітрапаліт Павел заклікаў бацькоў, чые дзеці выходзяць сёння на вуліцу, пагаварыць з імі і расказаць, што цяпер важна захаваць мір і аднадушнасць у краіне. Прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і дэпутатаў уладыка папрасіў падумаць, як знайсці выйсце з існуючай сітуацыі. "Я нікога не хачу асуджаць - ні адзін, ні другі бок. Разумею, што ёсць і іншыя сілы, цёмныя сілы, іх слугі, якія жывуць тым, што бачаць варожасць і нянавісць паміж людзьмі і, можа, атрымліваюць нейкія ад гэтага дывідэнды. Хочацца пажадаць, каб мір, аднадушнасць і згода прадаўжалі заставацца на нашай благаславеннай зямлі. Не выпадкова і ў гімне, і ў Канстытуцыі нашай краіны гаворыцца аб тым, што мы, беларусы - мірныя людзі", - адзначыў ён.

Патрыяршы Экзарх таксама разлічвае, што прадстаўнікі сілавых структур, якія служаць беларускаму народу, будуць сувымяраць сваю ўладу і магчымасці адносна тых, хто думае, што Беларусь павінна развівацца іншым шляхам, але не ведае, як правільна на яго стаць.

"Давайце зробім усё магчымае, каб знайсці той шлях, прайшоўшы па якім можна захаваць мір і згоду", - рэзюмаваў мітрапаліт Павел.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі