Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 лістапада 2011, 13:53

Мінжылкамгас Беларусі не рэкамендуе грамадзянам заніжаць паказчыкі аб'ёмаў спажывання вады

15 лістапада, Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі не рэкамендуе грамадзянам заніжаць паказчыкі аб'ёмаў спажывання вады. Аб гэтым гаворыцца ў растлумачальным пісьме першага намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандра Церахава "Аб прымяненні пастановы Савета Міністраў Беларусі ад 28 верасня 2011 года нумар 1300", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў міністэрстве.

У сувязі з уводам у Беларусі з 1 кастрычніка 2011 года дыферэнцаванай аплаты за паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення Мінжылкамгас не рэкамендуе грамадзянам заніжаць паказчыкі аб'ёмаў спажывання вады. У выпадку выяўлення такіх сітуацый спажыўцу такіх паслуг давядзецца аплаціць розніцу паміж заяўленымі аб'ёмамі вады і аб'ёмамі, выяўленымі на момант праверкі, па тарыфах, якія забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат.

У пісьме гаворыцца, што калі жылы дом (кватэра) абсталяваны індывідуальным прыборам уліку, але ў гэтым жылым памяшканні адсутнічаюць зарэгістраваныя грамадзяне, то плата наймальніку, уласніку, членам арганізацыі забудоўшчыкаў за спажытую колькасць вады павінна выстаўляцца таксама па тарыфу, які забяспечвае поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат. Калі ж у кватэры або доме адсутнічаюць зарэгістраваныя грамадзяне па прычыне смерцi спадчынадаўца, то на працягу 6 месяцаў да атрымання пасведчання аб праве на наследаванне гэтага памяшкання плата за спажыванне вады павінна ажыццяўляцца па тарыфах для насельніцтва, устаноўленых заканадаўствам Беларусі ў межах 140 л за суткі.

Каменціруючы налічэнне платы грамадзянам, якія маюць права на льготы, першы намеснік міністра адзначыў, што плата ў такіх выпадках будзе ажыццяўляцца ў межах норм спажывання камунальных паслуг для прадастаўлення льгот па іх аплаце для асобных катэгорый грамадзян, зацверджаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі з улікам уведзенай дыферэнцаванай аплаты.

Калі ж у доме адсутнічае інжынерная сістэма рэцыркуляцыі гарачай вады, то грамадзянін мае права на 10-працэнтную скідку, якая павінна разлічвацца з улікам дыферэнцаванай аплаты 140 л за суткі па тарыфах для насельніцтва, з разліку 50 працэнтаў на халоднае і 50 працэнтаў на гарачае водазабеспячэнне. А калі спажывец паслуг мае права на льготы на паслугі і на 10 працэнтаў скідкі ў сувязі з адсутнасцю рэцыркуляцыі гарачай вады адначасова, робіцца разлік сум ільготы і скідкі, якія здымаюцца з агульнай сумы налічэнняў і прад'яўляюцца для аплаты.

Таксама Аляксандр Церахаў паведаміў, што грамадзяне, якія маюць непаўналетніх дзяцей, якія ўнесены ў асабовы рахунак, павінны ажыццяўляць аплату за паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення на кожнае непаўналетняе дзіця з улікам нормы 140 л за суткі па тарыфах, устаноўленых заканадаўствам.

У выпадку выхаду індывідуальнага прыбора ўліку расходу вады са строю плата будзе налічвацца па сярэдняму водаспажыванню за два папярэднія месяцы, у якіх ажыццяўлялася аплата па паказаннях прыбораў уліку.

Акрамя таго, першы намеснік міністра адзначыў, што пры несвоечасовай перадачы даных аб паказаннях прыбораў уліку расходу вады або непрадастаўленні іх, налічвацца плата будзе па сярэдняму водаспажыванню за два папярэднія месяцы, у якіх ажыццяўлялася аплата па паказаннях прыбораў уліку, з далейшым пераразлікам.

Дыферэнцаваная аплата за паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення ўведзена пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 28 верасня 2011 года нумар 1300 "Аб унясенні змяненняў у пастанову Савета Міністраў Беларусі ад 25 жніўня 1999 года нумар 1332 і ад 4 лютага 2011 года нумар 138". Згодна з гэтым дакументам плата з грамадзян, якія пражываюць у жылых дамах (кватэрах), абсталяваных прыборамі індывідуальнага ўліку расходу вады, спаганяецца па тарыфах, устаноўленых заканадаўствам рэспублікі, у межах аб'ёмаў водаспажывання на аднаго пражываючага 140 л за суткі. Аплата за спажытыя звыш 140 л за суткі спаганяецца па ўстаноўленых тарыфах, што забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат на аказанне паслуг.

У сувязі з гэтым у рахунак-паведамленне ўнесены дадатковы радок для адлюстравання налічэнняў у межах 140 л за суткі і за звышнарматыўнае спажыванне.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі