Сцяг Субота, 13 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 чэрвеня 2024, 17:55

Мінск і Ленінградская вобласць абмяняюцца вопытам у сферы сацыяльнай рэабілітацыі

Фота з архіва
Фота з архіва
24 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінск і Ленінградская вобласць абмяняюцца вопытам у сферы сацыяльнай рэабілітацыі. Напрамкі супрацоўніцтва абмеркавалі сёння ў Мінгарвыканкаме на пасяджэнні круглага стала "Комплексная рэабілітацыя і інтэграцыя інвалідаў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Удзельнікам сустрэчы прэзентавалі работу дзяржаўнай аўтаномнай нетыпавой прафесійнай адукацыйнай установы Ленінградскай вобласці "Мультыцэнтр сацыяльнай і працоўнай інтэграцыі". Тут маладых людзей з інваліднасцю навучаюць прафесіі, дапамагаюць з працаўладкаваннем, паўнацэннай інтэграцыяй у грамадства. Дырэктар установы Ірына Драздзенка расказала Мінскім калегам аб магчымасцях шматпрофільнага рэсурснага цэнтра, рэгіянальнай мадэлі комплекснага суправаджэння грамадзян, якім патрэбна ўвага і дапамога дзяржавы.

"Мы працуем ужо дзясяты год. Не проста вучым прафесіі, працаўладкоўваем, а дапамагаем атрымаць жыллё, стварыць там утульнасць, сем'і. Жэнім, хрысцім... Гэта пытанне вяртання людзей, якія набылі інваліднасць на працягу жыцця або нарадзіліся з пэўнымі парушэннямі функцый, у соцыум. Ствараем умовы, каб узровень іх жыцця не зніжаўся, не было сацыяпатыі. Гэта грамадзяне нашай дзяржавы, нашы дзеці. Страчваецца сэнс нацпраекта "Дэмаграфія", калі мы тых, хто нечым адрозніваецца ад нормы, будзем увесь час пакідаць за бортам, хаваць, не знаходзячыся побач, разам", - сказала Ірына Драздзенка.

Яна прапанавала на практыцы азнаёміцца з інавацыйнымі падыходамі цэнтра, а таксама падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве са сталічнымі ўстановамі сістэмы сацыяльнага абслугоўвання, каб абменьвацца вопытам.

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі назваў вопыт Ленінградскай вобласці па сацыяльнай рэабілітацыі ўнікальным. "Тэма вельмі актуальная для Мінска. Многія людзі з інваліднасцю, асабліва тыя, хто ўпершыню сутыкнуўся з такой жыццёвай праблемай, маюць патрэбу ў дапамозе па перанавучанні, каб набыць новыя прафесійныя кампетэнцыі, у сацыялізацыі, арганізацыі побыту. Ленінградская вобласць у гэтай частцы вельмі сур'ёзна рушыла наперад. Мы пачулі шэраг сур'ёзных напрацовак, якія, безумоўна, вывучым", - адзначыў Андрэй Стрыгельскі.

Ён анансаваў візіт дэлегацыі ўстаноў сацыяльнай абароны Мінска ў расійскі рэгіён, які, як чакаецца, адбудзецца ў жніўні. "Падпішам дагавор аб супрацоўніцтве і будзем абменьвацца практыкамі, методыкамі, якія прыносяць карысць жыхарам Мінска і Ленінградскай вобласці", - дадаў Андрэй Стрыгельскі.

Мультыцэнтр сацыяльнай і працоўнай інтэграцыі размешчаны ва Усевалажску. Установа ажыццяўляе адукацыйную дзейнасць па рэалізацыі адаптаваных адукацыйных праграм прафесійнай падрыхтоўкі па розных прафесіях. Працэс навучання ўключае элементы дуальнай адукацыі і ўяўляе сабой комплекснае суправаджэнне маладых інвалідаў на працягу ўсяго перыяду знаходжання. Наступнае працаўладкаванне з "гарантыйным тэрмінам" прадугледжвае суправаджэнне выпускніка на рабочым месцы ў перыяд адаптацыі групай спецыялістаў мультыцэнтра - юрыста, педагога-псіхолага, сацыяльнага педагога і майстра вытворчага навучання.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі