Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 красавіка 2020, 14:47

Мінпрыроды выступае за паэтапнае зніжэнне выкарыстання поліэтыленавай упакоўкі

23 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінпрыроды выступае за паэтапнае зніжэнне выкарыстання поліэтыленавай упакоўкі і яе замяшчэнне, паведаміў начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Вадзім Дзямко ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

"Для зніжэння негатыўнага ўздзеяння пластыкавай упакоўкі і яе адходаў на навакольнае асяроддзе Мінпрыроды праводзіць мэтанакіраваную работу па абмежаванні выкарыстання такой упакоўкі з замяшчэннем яе на экалагічна бяспечную, у тым ліку са шкла і паперы", - сказаў Вадзім Дзямко.

Пастановай Савета Міністраў ад 13 студзеня 2020 года нумар 7 зацверджаны план мерапрыемстваў, накіраваных на паэтапнае зніжэнне выкарыстання палімернай упакоўкі з яе замяшчэннем на экалагічна бяспечную. У аб'ектах гандлю прадугледжана абавязковая наяўнасць безалкагольных напіткаў (мінеральнай і пітной вады) у шкляной тары, папяровых пакетаў, аднаразовага посуду і сталовых прыбораў з паперы. Пры гэтым мінімізавана колькасць разнавіднасцей пластыкавых пакетаў і посуду з пластыку.

Дзяржорганы і арганізацыі распрацоўваюць галіновыя планы па пераходзе на выкарыстанне экалагічна бяспечных відаў упакоўкі і фарміруюць пералік айчынных вытворцаў такой упакоўкі.

Пастановай Савета Міністраў ад 27 лістапада 2019 года нумар 797 з 1 студзеня 2021 года ўводзіцца забарона на выкарыстанне і продаж у аб'ектах грамадскага харчавання аднаразовага пластыкавага посуду. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю зацвердзіла пералік такога посуду - гэта палачкі для размешвання напіткаў, шклянкі і кубкі, талеркі, трубачкі (саломінкі) для напіткаў, упакоўка для прадукцыі грамадскага харчавання і прадуктаў харчавання (кантэйнеры, латкі, скрыні, корэксы, банкі, бутэлькі), за выключэннем упакоўкі для кулінарных паўфабрыкатаў і кандытарскіх вырабаў.

"На пастаяннай аснове праводзіцца інфармацыйная работа з насельніцтвам, асвятленне ў СМІ пытанняў раздзельнага збору цвёрдых камунальных адходаў і выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў, папулярызацыя экалагічна бяспечнай упакоўкі, а таксама паступовая адмова ад выкарыстання палімернай упакоўкі", - адзначыў Вадзім Дзямко.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі