Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 верасня 2020, 12:16

Мінпрацы растлумачыла навацыі аб кампенсаванні расходаў на пражыванне ў камандзіроўцы

25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўнесены змяненні ў Палажэнне аб парадку і памерах кампенсавання расходаў, гарантыях і кампенсацыях пры службовых камандзіроўках. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пракаменціравала карэспандэнту БЕЛТА сутнасць змяненняў.

Дзеючае палажэнне было зацверджана пастановай Савета Міністраў ад 19 сакавiка 2019 года нумар 176. А 22 верасня 2020 года Саўмін прыняў ужо новую пастанову нумар 550. Гэтым дакументам прадугледжваецца карэкціроўка дзеючых падыходаў па кампенсаванні расходаў па найме жылога памяшкання пры службовых камандзіроўках: у межах Беларусі і за мяжу.

Норма для бюджэтных арганізацый

Для бюджэтных арганізацый прадугледжана абавязковае прадстаўленне пацвярджальных дакументаў для кампенсавання расходаў па найме жылога памяшкання.

Пры адсутнасці такіх дакументаў кампенсаванне ажыццяўляецца ў памеры 5 працэнтаў ад памераў, устаноўленых па найме жылога памяшкання, у залежнасці ад краіны камандзіравання (у межах Беларусі або за мяжу).

Норма для іншых арганізацый

Іншыя арганізацыі, якія не належаць да бюджэтных, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі надзяляюцца правам самастойна прымаць рашэнне, якім чынам кампенсаваць расходы па найме жылога памяшкання: з пацвярджальнымі дакументамі або без іх.

З улікам гэтага падыходу прадугледжана наступная норма. Пры прыняцці рашэння аб кампенсаванні расходаў па найме жылога памяшкання без прадстаўлення пацвярджальных дакументаў прыняцця лакальнага прававога акта не патрабуецца; на аснове пацвярджальных дакументаў - такое рашэнне неабходна замацаваць у лакальным прававым акце.

Пры прыняцці наймальнікам рашэння аб кампенсаванні работнікам расходаў па найме жылога памяшкання на аснове пацвярджальных дакументаў, але пры іх адсутнасці ў камандзіраванага работніка, названыя расходы кампенсуюцца ў памеры, якi не перавышае 20 працэнтаў, але не менш за 5 працэнтаў ад памераў, устаноўленых па найме жылога памяшкання, у залежнасці ад краіны камандзіравання (у межах Беларусі або за мяжу). Канкрэтны памер кампенсацыі ўстанаўліваецца наймальнікам у лакальным прававым акце.

Норма для ўсіх арганізацый

Зыходзячы з умоў камандзіравання за мяжу, у работніка можа здарацца запланаваны альбо незапланаваны часовы прыпынак у дарозе.

Згодна з дзеючымі нормамі палажэння, у гэтым выпадку кампенсаванне расходаў па найме жылога памяшкання ажыццяўляецца толькі праз выдадзеную карпаратыўную дэбетавую картку.

Новай пастановай прадугледжваецца, што пры часовым прыпынку ў дарозе сума расходаў на названыя вышэй мэты кампенсуецца на аснове пацвярджальных дакументаў. Памеры не павінны перавышаць устаноўленыя дадаткам 2 да палажэння па краіне, у якой адбыўся часовы прыпынак у дарозе.

Пастановай таксама прадугледжана кампенсаванне камандзіраваным работнікам расходаў па браніраванні месцаў у гасцініцах, а таксама аплаце абавязковых тэстаў і іншых відаў эпідэміялагічнага кантролю, звязаных з дыягностыкай вірусных інфекцый.

Пастанова ўступае ў сілу з 6 кастрычніка 2020 года і прымяняецца адносна работнікаў, накіраваных у службовыя камандзіроўкі пачынаючы з гэтай даты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі