Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 чэрвеня 2018, 17:23

Мінпрацы растлумачыла, як не трапіць у "пенсійную пастку"

21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перыяды прадпрымальніцкай, іншай дзейнасці, на працягу якіх выплата страхавых узносаў ва ўстаноўленым парадку не ажыццяўлялася, не ўключаюцца ў стаж работы для назначэння пенсіі і не ўлічваюцца пры вылічэнні яе памеру. Аб гэтым і іншых нюансах таго, як не трапіць у "пенсійную пастку", намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў расказаў у час анлайн-канферэнцыі на сайтах БЕЛТА і міністэрства.

Ад грамадзян паступіла нямала пытанняў, звязаных з умовамі назначэння пенсіі. Напрыклад, грамадзяніну, які даглядаў інваліда I групы з атрыманнем дапамогі, гэты час залічваецца ў агульны стаж і ўлічваецца ў памеры пенсіі. Аднак, паколькі выплата страхавых узносаў у гэты перыяд не ажыццяўляецца, ён не ўлічваецца ў мінімальна неабходны стаж работы з выплатай страхавых узносаў, патрэбны для назначэння працоўнай пенсіі па ўзросце.

"З падачы СМІ, інтэрнэт-рэсурсаў сітуацыя, калі людзі, якія на працягу жыцця працавалі менш за 10-15 гадоў, да моманту дасягнення пенсійнага ўзросту не зарабілі права на працоўную пенсію, атрымала назву "пенсійная пастка", "пастка страхавога стажу". Але пэўныя ўмовы для атрымання пенсіі, у тым ліку па працягласці стажу работы (афіцыйнай занятасці, пацверджанай ва ўстаноўленым парадку) з выплатай страхавых узносаў у фонд сацабароны, у пенсійным заканадаўстве прысутнічалі і да прыняцця рашэнняў аб павышэнні стажавых патрабаванняў", - адзначыў Валерый Кавалькоў.

У 2018 годзе для назначэння пенсіі неабходна мець не менш за 16 гадоў 6 месяцаў работы з выплатай узносаў (штогод гэта патрабаванне павялічваецца на 6 месяцаў да 20 гадоў у 2025 годзе, гэта значыць у 2019 годзе трэба мець ужо 17 гадоў работы і гэтак далей).

Калі па нейкіх прычынах на дату дасягнення пенсійнага ўзросту неабходны стаж адсутнічае, можна прадоўжыць працоўную дзейнасць і дапрацаваць адсутны перыяд. Заканадаўства гэтага не забараняе.

Валерый Кавалькоў звярнуў увагу на тое, што для фарміравання паўнаважкага страхавога стажу (за год работы - год страхавога стажу) неабходна выплата ўзносаў у фонд за ўвесь перыяд гэтай работы з заработку не ніжэй за мінімальную зарплату. Інфармацыю аб перыядах выплаты ўзносаў і велічыні заработнай платы (даходу), з якіх яны выплачваліся, можна атрымаць у тэрытарыяльных органах фонду сацабароны насельніцтва.

Начальнік галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Наталля Мурашкевіч дадала, што статыстычныя даныя аб колькасці грамадзян, якія не набылі права на пенсію, у тым ліку па прычыне адсутнасці стажу, не фарміруюцца. Яна адзначыла індывідуальны падыход пры назначэнні пенсіі з недастатковым стажам. "Калі да пенсійнага ўзросту чалавек мае толькі пяць гадоў работы, то заканадаўствам улічваецца, па якіх прычынах гэта адбылося. Калі ён вучыўся, служыў у арміі, ажыццяўляў догляд (дзяцей, інвалідаў, састарэлых), іншую сацыяльна значную дзейнасць, то гэтыя абставіны прымаюцца пад увагу пры назначэнні пенсіі: страхавы стаж зніжаецца да дзесяці і нават пяці гадоў", - падкрэсліла спецыяліст.

Аднак, калі мелі месца іншыя прычыны, напрыклад, "шэрая" занятасць, то гарантыі дзяржавы ў гэтым выпадку будуць мінімальнымі - сацыяльная пенсія ў больш высокім узросце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі