Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 красавіка 2021, 19:17

Мінпрацы нагадала аб мерах бяспекі пры правядзенні суботніка

12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны звярнула ўвагу ўдзельнікаў рэспубліканскага суботніка 17 красавіка на меры бяспекі пры правядзенні мерапрыемстваў, паведамляе БЕЛТА.

Рэспубліканскі суботнік традыцыйна будзе праходзіць як на рабочых месцах, так і ў фармаце добраўпарадкавання і навядзення парадку на аб'ектах і тэрыторыях населеных пунктаў, у тым ліку мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Пры гэтым наймальнік абавязаны забяспечыць у поўным аб'ёме выкананне сваіх абавязкаў, прадугледжаных законам "Аб ахове працы" і іншымі нарматыўнымі прававымі актамі, уключаючы тэхнічныя НПА па ахове працы.

"Калі падчас суботніка работнік будзе працаваць на сваім рабочым месцы, здаровыя і бяспечныя ўмовы працы павінны забяспечвацца ў звычайным рэжыме, - адзначылі ў Мінпрацы. - Калі ж работнік прыцягваецца да выканання разавых работ, не звязаных з прамымі абавязкамі па прафесіі рабочага або пасады служачага, напрыклад, удзельнічае ў добраўпарадкаванні і прывядзенні ў належны стан аб'ектаў і тэрыторый, гісторыка-культурных каштоўнасцей, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў ВАВ, павінны выконвацца некаторыя патрабаванні".

Так, абавязкова павінен быць праведзены папярэдні мэтавы інструктаж па ахове працы па выконваемым відзе работ. Пры выкананні работ па добраўпарадкаванні населеных пунктаў інструктаж праводзіцца непасрэдным кіраўніком работ наймальніка, на тэрыторыі іншай арганізацыі - непасрэдным кіраўніком работ або спецыялістам арганізацыі, на тэрыторыі якой будуць праводзіцца мерапрыемствы.

Для бяспечнага суботніка павінны выконвацца палажэнні Дырэктывы нумар 1 "Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны"; не дапускацца да работ павышанай небяспекі людзі без адпаведнай падрыхтоўкі; павінны прадастаўляцца неабходны інструмент і інвентар, сродкі індывідуальнай аховы (плюс пры рабоце на праезнай частцы - сігнальныя камізэлькі, на будаўнічым аб'екце - ахоўныя каскі). Нагадалі ў Мінпрацы і аб нормах пад'ёму і перамяшчэння цяжкасцей уручную жанчынамі, якія ўдзельнічаюць у суботніку, а таксама аб мерах бяспекі пры выкарыстанні ў работах буйной тэхнікі.

Таксама нельга, каб у мерапрыемствах удзельнічалі людзі з дрэнным самаадчуваннем і ў хваравітым стане (у тым ліку трэба ўлічваць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя ў сувязі з эпідсітуацыяй). Для гэтага неабходна правесці апытанне работнікаў аб стане іх здароўя пры правядзенні мэтавага інструктажу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі