Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 сакавіка 2018, 13:44

Мінпрацы адзначае тэндэнцыю росту нараджальнасці трэціх і наступных дзяцей з уводам сямейнага капіталу

13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сямейны капітал даказаў сваю эфектыўнасць па стымуляванні нараджальнасці трэціх і наступных дзяцей у Беларусі. Аб гэтым заявіў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак на прамой лініі з чытачамі "Сельской газеты", паведамляе БЕЛТА.

"Сямейны капітал стаў добрым стымулам для ўсплёску нараджальнасці. Калі да ўвядзення праграмы нараджалася каля 17,3 тыс. трэціх і наступных дзяцей, то пасля яе прыняцця іх колькасць вырасла да 22,2 тыс.", - прывёў лічбы намеснік міністра. Пытанне аб падаўжэнні тэрмінаў рэалізацыі гэтай праграмы, якая разлічана да 2019 года ўключна, застаецца адкрытым.

Аляксандр Румак падкрэсліў, што прапануюцца розныя варыянты ўдасканалення гэтага віду доўгатэрміновай падтрымкі шматдзетных сем'яў. У тым ліку гучаць прапановы аб налічэнні сямейнага капіталу на другое дзіця для стымулявання нараджэння другіх дзяцей. Таму што пакуль сем'і з адным дзіцем у Беларусі пераважаюць.

Сямейны капітал уведзены з 1 студзеня 2015 года. Гэта аднаразовае прадастаўленне безнаяўных грашовых сродкаў у памеры $10 тыс. пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей. У 2015 годзе было адкрыта 11 582 дэпазітныя рахункі, у 2016-м - 18 983.

Заявы аб назначэнні сямейнага капіталу, якiя паступаюць у мясцовыя органы ўлады, разглядаюцца на працягу аднаго месяца. Грашовыя сродкі ў памеры $10 тыс. прадастаўляюцца сем'ям для выкарыстання ў Беларусі ў поўным аб'ёме або па частках у безнаяўным парадку - па адным або некалькіх напрамках: паляпшэнне жыллёвых умоў; атрыманне адукацыі; атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя; фарміраванне накапляльнай (дадатковай) пенсіі маці (мачахі) у поўнай сям'і, аднаго з бацькоў у няпоўнай сям'і. Права на назначэнне сямейнага капіталу маюць грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы: маці (мачаха) у поўнай сям'і, адзін з бацькоў у няпоўнай сям'і, усынавіцель (удачарыцель) пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей у перыяд з 1 студзеня 2015 па 31 снежня 2019 года, калі з улікам народжанага, усыноўленага (удачаронага) дзіцяці (дзяцей) у сям'і выхоўваюцца не менш як трое дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Пры гэтым дата нараджэння дзіцяці павінна быць не ранейшай за 1 студзеня 2015 года. Калі ў поўнай сям'і маці (мачаха) не мае права на назначэнне сямейнага капіталу, то такое права прадастаўляецца бацьку (айчыму) пры выкананні астатніх умоў. Рэалізаваць права на назначэнне сямейнага капіталу можна толькі адзін раз.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі