Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 ліпеня 2024, 17:48

Мінлясгас: з улікам учарашняй непагоды аб'ём пашкоджанага ляснога фонду можа вырасці

30 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З улікам учарашняй непагоды аб'ём пашкоджанага ляснога фонду можа вырасці. Аб гэтым ішла размова ў час выязнога пасяджэння калегіі Мінлясгаса, якая праходзіць на базе Светлагорскага раёна, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

Першым слова ўзяў старшыня Светлагорскага райвыканкама Дзмітрый Шабетнік. Звяртаючыся да лесаводаў краіны, ён падкрэсліў, што ў Светлагорскім рэгіёне заўсёды беражліва ставіліся да галоўнага прыроднага багацця краіны - лесу. Апошнія 10 гадоў зялёнае золата рэгіёна выпрабоўвалі на трываласць моцныя вятры.

Міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік на сёння завяршыў аб'езд ветравальна-бураломных лесасек у Гомельскай вобласці - і адразу ж сабраў генеральных дырэктараў, галоўных ляснічых ДВЛГА і кіраўнікоў найбольш пацярпелых лясгасаў Гомельскай вобласці на размову.

"З моманту даклада міністра лясной гаспадаркі кіраўніку дзяржавы ў выніку дэталёвага абследавання ляснога фонду (работнікі галіны фактычна пяшком дайшлі да кожнага ўчастка) плошча бураломаў істотна павялічылася. Лясгасы паведамілі, што ўчарашняя непагода толькі дабавіла работы лесаводам. Па стане на ўчора ў выніку ліпеньскай непагоды пацярпела больш за 41 тыс. га ляснога фонду, пры гэтым на плошчы звыш 18 тыс. га патрабуецца правядзенне суцэльных санітарных высечак. У аб'ёмным выражэнні пацярпела каля 5,3 млн куб.м драўніны. Як паведамлялася раней, найбольш пацярпела Гомельская вобласць. Тут трэба будзе прыбраць бураломы на плошчы звыш 14 тыс. га (суцэльныя санвысечкі). З улікам учарашняй непагоды лічбы па краіне могуць быць абноўлены", - расказалі ў Мінлясгасе.

Як адзначыў Аляксандр Кулік, усе неабходныя кіраўніцкія рашэнні для аператыўнай распрацоўкі бураломаў прыняты. Аказана, у тым ліку, падтрымка з боку кіраўніка дзяржавы ў частцы набыцця новай тэхнікі. Кіраўнік галіны ў ліку іншага запатрабаваў ад лесаводаў Гомельшчыны ўзмацніць распрацоўку насаджэнняў уздоўж аўтамабільных дарог.

Мэта нарады - вызначыць аб'ёмы тэхнікі, чалавечых рэсурсаў, якія неабходна накіраваць на ўзмацненне ў Гомельскую вобласць.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі