Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 студзеня 2021, 13:14

Мінюст аб'явіў старт конкурсу для юрыстаў і журналістаў на прыз імя Спасовіча

25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства юстыцыі пачынае прымаць заяўкі для ўдзелу ў конкурсе на прыз імя выдатнага юрыста беларускага паходжання Уладзіміра Спасовіча, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт міністэрства.

Удзельнічаць у конкурсе могуць юрысты, журналісты, медыятары, студэнты, якія асвойваюць адукацыйную праграму вышэйшай адукацыі ў галіне права, як індывідуальна, так і ў складзе аўтарскага калектыву, сродкі масавай інфармацыі і іншыя арганізацыі, якія даводзяць інфармацыю прававога характару да грамадзян.

Конкурс праводзіцца па 11 намінацыях: "Суд", "Пракуратура", "Следства", "Выканаўчае вядзенне", "Адвакатура", "Натарыят", "Навука і права", "Гаспадарка і права", "Медыяцыя", "Права і журналістыка", "Студэнцкая навука".

Прымаюцца работы ў выглядзе кніг, брашур, артыкулаў, тэлевізійных праграм, радыёпраграм, блокаў навін, рэкламных ролікаў. Работы неабходна прадставіць на папяровым або электронным носьбітах.

У Мінюсце звярнулі ўвагу, што адна і тая ж работа не можа быць прадстаўлена ў розных намінацыях. Работы на замежных мовах павінны быць перакладзены на рускую ці беларускую мову, мець субтытры або сінхронны пераклад.

Матэрыялы, якія прадстаўляюцца на конкурс, павінны быць апублікаваны або асветлены ў радыёэфіры або на тэлебачанні ці іншым спосабам на працягу 2020 года.

Заяўку неабходна адправіць да 1 сакавіка па адрасе: г.Мінск, вул.Калектарная, 10. Конкурсная камісія да 3 мая вызначыць пераможцаў конкурсу ў кожнай намінацыі.

Лепшым у адпаведнай намінацыі будзе ўручаны прыз конкурсу - статуэтка. Па рашэнні камісіі ўдзельнікі могуць быць таксама ўзнагароджаны дыпломамі.

Конкурс праводзіцца для павышэння прававой культуры грамадзян, ролі і значэння права, прапаганды станаўлення прававой дзяржаўнасці ў Беларусі, а таксама папулярызацыі прафесіі юрыста.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі