Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 кастрычніка 2020, 16:01

Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла рэкамендацыі для арганізацый і прадпрыемстваў па прафілактыцы COVID-19

19 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла рэкамендацыі для арганізацый і прадпрыемстваў па прафілактыцы каранавірусной інфекцыі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

Рэкамендацыі прызначаны для камерцыйных і некамерцыйных арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў і накіраваны на зніжэнне рызыкі распаўсюджвання інфекцыі і захаванне здароўя работнікаў, забеспячэнне бяспекі прадастаўлення паслуг насельніцтву ва ўмовах пандэміі COVID-19. Яны могуць выкарыстоўвацца ў дзейнасці зацікаўленых арганізацый усіх форм уласнасці.

У прыватнасці, адзначаецца, што пры наяўнасці магчымасці і з пісьмовай згоды работніка неабходна арганізаваць дыстанцыйную работу, прадугледзець гібкі графік. Максімальна магчымая колькасць работнікаў павінна быць пераведзена на дыстанцыйную работу з выкананнем рэкамендуемых мерапрыемстваў. У першую чаргу гэта датычыцца людзей з груп рызыкі.

Трэба абмежаваць правядзенне любых масавых мерапрыемстваў з колькасцю ўдзельнікаў больш за 5 чалавек (сходы, камісіі, выстаўкі, семінары, канферэнцыі і г.д.), дзе прадугледжваецца іх вочная прысутнасць, а таксама ўдзел работнікаў у мерапрыемствах іншых калектываў. Для перадачы інфармацыі можна ўкараніць пераважна электроннае ўзаемадзеянне, выкарыстоўваць тэлефонную, факсімільную сувязь, электронную пошту. Праводзіць мерапрыемствы лепш у фармаце відэа- і тэлеканферэнцый і інш.

Рэкамендуецца абмежаваць накіраванне супрацоўнікаў у камандзіроўкі. Калі перанесці або адмяніць рабочыя паездкі ў замежныя краіны немагчыма, не трэба накіроўваць у камандзіроўку супрацоўнікаў, якія ўваходзяць у групы рызыкі ў адпаведнасці з афіцыйнымі рэкамендацыямі. Мэтазгодна забяспечыць супрацоўнікаў перад камандзіроўкай антысептыкамі і сродкамі індывідуальнай аховы органаў дыхання, пальчаткамі.

Пры наяўнасці тэхнічнай і фінансавай магчымасці дастаўляць работнікаў на работу і з работы можна транспартам арганізацыі са зборам і высадкай у пэўных месцах населенага пункта для мінімізацыі кантактаў. У час паездкі неабходна прадугледзець выкананне прынцыпаў сацыяльнага дыстанцыравання пры рассаджванні работнікаў, забяспечыць функцыянаванне вентыляцыі ў салоне транспартнага сродку.

У арганізацыях павінен быць забяспечаны пастаянны месячны запас сродкаў дэзынфекцыі і антысептычных сродкаў, СІА.

Акрамя таго, рэкамендацыі таксама датычацца правільнага выкарыстання СІА, прыбірання памяшканняў, комплексу мер па сацыяльным дыстанцыраванні.

У міністэрстве дадалі, што разам з гэтым арганізацыям усіх форм уласнасці неабходна выконваць абавязковыя патрабаванні, якія датычацца выканання санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі