Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 сакавіка 2023, 11:09

Міністэрства аховы здароўя ўстанавіла новы парадак дыягностыкі і лячэння пацыентаў з туберкулёзам

24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Клінічны пратакол "Дыягностыка і лячэнне пацыентаў з туберкулёзам (дарослае і дзіцячае насельніцтва)" зацверджаны пастановай Міністэрства аховы здароўя нумар 118 ад 16 снежня 2022 года, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

Прыняцце новага клінічнага пратакола прадыктавана тым, што палажэнні папярэдняга дакумента ад 4 красавіка 2019 года страцілі актуальнасць.

У дакуменце падрабязна абазначаны алгарытм мікрабіялагічнага даследавання біяматэрыялу на розных узроўнях дыягностыкі. Вызначана новая схема лячэння пацыентаў з лекава-адчувальным туберкулёзам. Паводле слоў спецыялістаў, яна дасць магчымасць скараціць працягласць лячэння з шасці месяцаў да чатырох. Вызначаны і схемы лячэння пацыентаў з туберкулёзам з множнай лекавай устойлівасцю ўзбуджальніка ўкарочанымі пераральнымі рэжымамі, якія выключаюць неабходнасць балючых ін'екцый.

Новы клінічны пратакол разлічаны на зніжэнне працягласці лячэння пацыентаў, павышэнне прыхільнасці да лячэння туберкулёзу, дасягненне хутчэйшага выздараўлення, аднаўлення прафесійнай працаздольнасці, папярэджанне інваліднасці, паляпшэнне якасці жыцця пацыентаў з туберкулёзам, мінімізацыю эпідэміялагічных рызык. "Таксама ў новым клінічным пратаколе вялікая ўвага ўдзелена спалучэнню туберкулёзу з камарбіднай паталогіяй: цукровы дыябет, ВІЧ-ТБ і іншыя", - дадалі ў прэс-службе.

Рэалізацыя норм клінічнага пратакола будзе садзейнічаць прымяненню новых метадаў дыягностыкі і лячэння пацыентаў - дарослых і дзяцей - з туберкулёзам, рэзюмавалі ў Міністэрстве аховы здароўя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі