Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
31 студзеня 2022, 11:28

Міністэрства аховы здароўя: распрацаваны некалькі варыянтаў арганізацыі меддапамогі ў залежнасці ад росту захваральнасці

31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі распрацавана некалькі варыянтаў арганізацыі меддапамогі насельніцтву ў залежнасці ад узроўню росту захваральнасці на ВРІ і каранавірусную інфекцыю, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.

Цяпер большасць пацыентаў хварэюць у дамашніх умовах. У сувязі з гэтым, як і меркавалася, узрасла нагрузка на амбулаторна-паліклінічную і педыятрычную службы.

У Міністэрстве аховы здароўя адзначылі, што ў кожнай установе аховы здароўя распрацаваны планы па арганізацыі работы ў залежнасці ад узроўню росту захваральнасці і колькасці пацыентаў.

"Разумеючы, што нагрузка на медработнікаў будзе высокая, Міністэрства аховы здароўя загадзя правяло навучанне ўрачоў розных спецыяльнасцей ва ўсіх абласцях краіны, прадумана лагістыка работы кантактных брыгад. Як і ва ўсіх краінах свету, прыцягваюцца да работы студэнты медуніверсітэтаў, навучэнцы медкаледжаў у ролі валанцёраў і работнікаў кол-цэнтраў", - расказалі ў прэс-службе.

З 1 лютага прыпынены да спецыяльнага распараджэння адукацыйныя мерапрыемствы - курсы павышэння кваліфікацыі, семінары, навукова-практычныя канферэнцыі, якія праводзяцца для ўдасканалення прафесійных ведаў медработнікаў у Беларусі.

Як адзначаюць беларускія медыкі, грамадзяне, якія паспелі вакцынавацца або прайсці рэвакцынацыю, хварэюць на цяперашні штам каранавіруса (амікрон) на працягу некалькіх дзён, пры гэтым ён праходзіць як вострая рэспіраторная інфекцыя, а не пнеўманія.

Беларуская сістэма аховы здароўя падрыхтавалася да прыходу новага штама - правераны ўсе кіслародныя сістэмы, павялічаны запасы СІА і лекавых сродкаў.

Асноўныя спосабы зберагчы сябе ад захворвання - гэта вакцынацыя, а таксама дыстанцыраванне, выкарыстанне сродкаў індывідуальнай абароны органаў дыхання, гігіена рук. Асноўныя сімптомы пры захворванні на амікрон-штам - боль у горле, кашаль, насмарк, у некаторых адзначаецца павышэнне тэмпературы, ламата і слабасць.

Каб захаваць сваё здароўе і жыццё блізкіх, Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе абавязкова прайсці вакцынацыю супраць COVID-19. Прышчапіцца можна практычна ва ўсіх паліклініках краіны, бальніцах, гандлёвых цэнтрах і нават у метро.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі