Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 жніўня 2019, 09:00

Міністэрства аховы здароўя працуе над абнаўленнем складанага дыягнастычнага абсталявання

13 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства аховы здароўя працуе над абнаўленнем складанага дыягнастычнага абсталявання і павышэннем даступнасці спецыялізаванай дапамогі ў рэгіёнах. Аб гэтым заявіў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік у інтэрв'ю праграме "Размова ў Прэзідэнта" на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

Паводле слоў Уладзіміра Караніка, ведамства трымае на кантролі сітуацыю, калі дарагія апараты не працуюць па тэхнічных прычынах. Праведзены маркетынгавыя даследаванні, прааналізаваны цэны на запчасткі ў краінах-суседках. Да работы актыўна падключылася Міністэрства замежных спраў. Многія пастаўшчыкі прадаставілі абгрунтаванні кошту, і цэны па некаторых пазіцыях знізіліся больш як у два разы. "Калі ў маі ў непрацаздольным стане было 37 адзінак складанага дыягнастычнага абсталявання, то на сённяшні момант засталося 21", - сказаў міністр.

Такі стан спраў прывёў да таго, што ўзрасла нагрузка на працуючыя апараты і тыя сталі выходзіць са строю. "Гэта ўжо трэці тыдзень, калі мы стабілізавалі сітуацыю і аднаўляем абсталяванне хутчэй, чым яно выходзіць са строю", - праінфармаваў міністр. "У нас даволі амбіцыйныя планы, каб да верасня фактычна былі адзінкавыя выпадкі, калі абсталяванне не працуе па тэхнічных прычынах. Яно павінна быць адноўлена і прыведзена ў працаздольны стан", - падкрэсліў ён.

Апараты, якія выпрацавалі свой рэсурс, будуць заменены. Ужо ідзе пастаўка пяці камп'ютарных тамографаў. "Калі гэты парк будзе адноўлены, мы будзем больш дакладна разумець, як арганізаваць лагістыку перамяшчэння пацыентаў і чаго сапраўды нам не хапае", - адзначыў Уладзімір Каранік.

Міністр расказаў, што ў рэспубліцы плануецца актыўна развіваць міжраённыя і міжрэгіянальныя цэнтры. У тым ліку прадугледжана мадэрнізацыя і перааснашчэнне бальніц у 11 буйных гарадах па ўзоры Оршы. Гэта дасць магчымасць зняць нагрузку на рэспубліканскія і абласныя цэнтры, дзе праводзіцца асноўная маса высокатэхналагічных даследаванняў. Сумесна з Мінфінам створана рабочая група, якая вызначыць механізм фінансавання затрат. Гэта значыць, дапамога ўзроўню РНПЦ стане больш даступнай для насельніцтва, растлумачыў Уладзімір Каранік. Ужо цяпер павялічыліся нарматывы забяспечанасці брыгадамі хуткай дапамогі ў рэгіёнах, ідзе перааснашчэнне аўтапарку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі