
30 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства аховы здароўя вынесла на грамадскае абмеркаванне праект пастановы Савета Міністраў, які карэкціруе шэраг пастаноў урада па пытаннях рэгулявання рэгістрацыі (перарэгістрацыі) вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на інфармацыю Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала.
Палажэнні праекта накіраваны на выключэнне пагрозы ўзнікнення дэфіцыту або адсутнасці зарэгістраваных вырабаў медпрызначэння і медтэхнікі ў сувязі са спыненнем выпуску ў абарачэнне, уключаючы спыненне іх імпарту.
Праектам дакумента прадугледжваецца парадак дзяржрэгістрацыі медвырабаў, прызначаных для медыцынскага прымянення ва ўмовах узнікнення надзвычайнай сітуацыі і для арганізацыі аказання меддапамогі насельніцтву, папярэджання надзвычайных сітуацый, прафілактыкі і лячэння захворванняў, якія ўяўляюць небяспеку для навакольных.
Пры гэтым агаворваецца, што дзяржрэгістрацыя такіх вырабаў і тэхнікі, выдача рэгістрацыйнага пасведчання на іх ажыццяўляюцца Міністэрствам аховы здароўя ў адпаведнасці з заканадаўствам, што дзейнічае да 31 снежня 2021 года. Размова ідзе аб тых выпадках, калі дакументы для правядзення комплексу тэхнічных работ, якія папярэднічаюць дзяржаўнай рэгістрацыі, прадстаўлены заяўнікам у РУП "Цэнтр экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя" да 31 снежня 2021 года.
У Міністэрстве аховы здароўя растлумачылі: гэта абумоўлена дасягнутымі дамоўленасцямі паміж дзяржавамі Еўразійскага эканамічнага саюза і адлюстравана ў распараджэнні Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ад 29 кастрычніка 2021 года нумар 20 "Аб праекце Пратакола аб унясенні змянення ў Пагадненне аб адзіных прынцыпах і правілах абарачэння медыцынскіх вырабаў (вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі) у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза ад 23 снежня 2014 года".
Дарэчы, праектам пастановы не выключаецца існуючая працэдура дзяржрэгістрацыі медыцынскіх вырабаў, паколькі заява на іх рэгістрацыю па нацыянальнай працэдуры, а таксама дакументы для правядзення папярэдніх тэхнічных работ будуць прымацца да 31 снежня.
"Заканчэнне работ у дачыненні да прынятых заяў будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з устаноўленымі тэрмінамі і можа заняць практычна ўвесь 2022 год. У сувязі з гэтым да заканчэння ўсіх папярэдніх тэхнічных работ выключэнне працэдуры дзяржаўнай рэгістрацыі медыцынскіх вырабаў па нацыянальнай працэдуры немэтазгодна", - гаворыцца ў абгрунтаванні да праекта пастановы.
Як паведамлялася, з 1 студзеня 2022 года рэгістрацыя медыцынскіх вырабаў у Беларусі будзе магчымай толькі ў адпаведнасці з
заканадаўствам Еўразійскага эканамічнага саюза.
Свае заўвагі і прапановы можна выказаць у спецыяльнай тэме на Прававым форуме Беларусі па 10 снежня 2021 года.-0-