18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрствам аховы здароўя выдадзены загад "Аб рэалізацыі пілотнага праекта па аптымізацыі работы медыцынскіх вадзіцельскіх камісій", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе міністэрства.
Калі праект будзе прызнаны паспяховым і атрымае падтрымку грамадзян і медыцынскай супольнасці, яго распаўсюдзяць на ўсе рэгіёны Беларусі.
Пілот рэалізуюць у сталічнай 24-й паліклініцы, Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы, а таксама Гомельскай паліклініцы нумар 7. Тут кандыдаты ў вадзіцелі і вадзіцелі механічных транспартных сродкаў катэгорый А, АМ і В змогуць за адзін дзень атрымаць медыцынскую даведку аб стане здароўя, якая пацвярджае іх прыгоднасць да кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі.
Пілотны праект будзе рэалізоўвацца на працягу шасці месяцаў у адносінах да здаровых і практычна здаровых грамадзян, якія па стане здароўя аднесены да груп дыспансернага нагляду Д (I) і (або) Д (II). Грамадзяне павінны пражываць не менш за пяць гадоў у раёне абслугоўвання адной з трох названых устаноў аховы здароўя.
Для атрымання медыцынскай даведкі кандыдат у вадзіцелі або вадзіцель павінен зарэгістравацца на сайце адной з трох вышэйпералічаных арганізацый і даць (у асабістым кабінеце) згоду на запыт інфармацыі, якая з'яўляецца медыцынскай тайнай.
На сайтах устаноў размешчаны пералік дакументаў, якія неабходна прадаставіць для медыцынскага агляду кандыдатаў у вадзіцелі, а таксама медыцынскага пераагляду - вадзіцелям (пашпарт, ваенны білет (пры наяўнасці), 2 фота). Таксама прапісаны крытэрыі аднясення грамадзян да груп дыспансернага нагляду Д (I), Д (II), Д (III). Ёсць магчымасць выбраць даты папярэдняга запісу на абавязковы медыцынскі агляд, але не раней як праз 5 рабочых дзён пасля запісу праз сайт арганізацыі аховы здароўя, якая ўдзельнічае ў рэалізацыі праекта.
Спецыялісты ўстановы, у якой зарэгістраваўся грамадзянін, самі запытваюць выпіскі з медыцынскіх дакументаў з дзяржарганізацыі аховы здароўя па месцы жыхарства (месцы знаходжання), месцы работы (вучобы, службы) кандыдатаў у вадзіцелі або вадзіцеляў і звесткі аб адсутнасці (наяўнасці) у адносінах да грамадзян псіхіятрычнага і наркалагічнага ўліку.
Пры правядзенні абавязковага медагляду ўлічваюцца і прымаюцца да ведама вынікі дыспансерных аглядаў, праведзеных на працягу двух гадоў, якія папярэднічаюць году звароту. У тым ліку гэта датычыцца вынікаў аглядаў урачоў-спецыялістаў і (або) урачоў агульнай практыкі, лабараторных і інструментальных даследаванняў.
У выніку будзе прынята рашэнне аб допуску (нядопуску) грамадзяніна да кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі. У выпадку станоўчага рашэння вадзіцельскай камісіі грамадзяніну за адзін дзень выдадуць меддаведку аб стане здароўя, якая пацвярджае яго прыгоднасць да кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі.
Калі кандыдата ў вадзіцелі або вадзіцеля аднясуць да групы дыспансернага нагляду Д (III) (па выніках папярэдняга аналізу інфармацыі, якая змешчана ў выпісцы з медыцынскіх дакументаў) або пры неабходнасці дадатковага абследавання, яго праінфармуюць аб немагчымасці далейшага ўдзелу ў праекце. У такім выпадку грамадзянін мае права прайсці медыцынскі агляд або абавязковы пераагляд у парадку, устаноўленым заканадаўствам.-0-