Сцяг Нядзеля, 19 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 лютага 2021, 09:58

Міністэрства аховы здароўя: неабгрунтаванага павышэння цэн на лякарствы не будзе

3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Неабгрунтаванага павышэння цэн на лякарствы не будзе, заявіў журналістам намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Чараднічэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Міністэрства аховы здароўя гатова да любога дыялогу і любых прапаноў з боку ўдзельнікаў фармрынку, таму мы ўпэўнены, што неабгрунтаванага павышэння цэн на лекавыя прэпараты не будзе", - сказаў Дзмітрый Чараднічэнка.

Паводле яго слоў, прыняты пэўныя дзеянні сумесна з МАРГ і іншымі зацікаўленымі ведамствамі па распрацоўцы і прыняцці адпаведных мер. У прыватнасці, кіраўніцтвам Міністэрства аховы здароўя праведзены сустрэчы з прадстаўнікамі Асацыяцыі міжнародных фармацэўтычных вытворцаў, айчынных кампаній, 2 лютага адбылася сустрэча з дыстрыб'ютарамі, прадстаўнікамі значных аптэчных сетак. "Мы знайшлі агульныя падыходы і ўбачылі разуменне (і з боку фармбізнесу, і айчынных вытворцаў) важнасці той праблемы, якая цяпер ёсць. І ўсе выказалі зацікаўленасць у тым, каб яе вырашыць", - адзначыў намеснік міністра.

Прапанаваны канкрэтныя захады, якія будуць выконвацца. Вытворцы лекавых прэпаратаў павінны знізіць адпускныя цэны на 2 працэнты. Зменшыцца і памер надбавак, што прымяняюцца пры фарміраванні аптовых і рознічных цэн: на 2 працэнты на ўзроўні аптовага звяна і на 5-6 працэнтаў на ўзроўні розніцы. "Такім чынам мы нівеліруем увядзенне ПДВ, і індэкс спажывецкіх цэн, які ўстаноўлены на 2021 год у памеры 104,9 працэнта, будзе выкананы", - дадаў Дзмітрый Чараднічэнка.

Ён удакладніў, што гэты паказчык індэкса спажывецкіх цэн устаноўлены для лякарстваў, якія належаць да катэгорыі сацыяльна значных. Да іх адносяцца найбольш запатрабаваныя насельніцтвам прэпараты, у тым ліку для лячэння хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, цукровага дыябету. На перыяд пандэміі гэта процівірусныя, процізапаленчыя лякарствы, частка - антыбіётыкі. Пералік карэкціруецца.

Намеснік міністра таксама адзначыў, што маржынальнасць лекавых прэпаратаў вельмі высокая. Паводле яго слоў, гэта пацвярджаецца тым, што ў аддзеле ліцэнзавання Міністэрства аховы здароўя дастаткова шмат запытаў на атрыманне ліцэнзій на фармацэўтычную дзейнасць і адкрыццё новых аптэк. "Я думаю, у гэтай сітуацыі ёсць рэсурсы, у тым ліку ў фармбізнесу, каб зрабіць цэны зразумелымі і не павышаць неабгрунтавана", - дадаў ён.

Як паведамлялася, у сувязі са змяненнем Падатковага кодэкса з 1 студзеня 2021 года змяніўся заканадаўча ўстаноўлены парадак спагнання ПДВ па лекавых сродках і медыцынскіх вырабах, раней вызваленых ад гэтага падатку, а менавіта: пры рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі такіх тавараў, пры іх увозе ў краіну ўведзена стаўка ПДВ у памеры 10 працэнтаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі