
8 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства аховы здароўя прыняло рашэнне пашырыць узроставы кантынгент: з гэтага тыдня пачнецца вакцынацыя ад каранавіруса дзяцей з 5 гадоў. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра аховы здароўя - галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"З новаўвядзенняў гэтай прышчэпачнай кампаніі: спецыялісты дазволілі пашырыць узроставы кантынгент. Калі раней прышчэплівалі дзяцей ад 12 гадоў, то з гэтага тыдня можна прышчэпліваць ад 5 гадоў. Вакцына для іх - кітайская Vero Cell. Яна ж у асноўным прызначана для цяжарных. У Кітаі гэтай вакцынай прышчэпліваюць з 3 гадоў, мы пакуль што дазволілі з 5 гадоў", - сказаў Аляксандр Тарасенка.
Для астатняга насельніцтва рэкамендаваны вакцыны "Спадарожнік V" або "Спадарожнік Лайт" у залежнасці ад іх наяўнасці ў рэгіёнах. "Міністэрства аховы здароўя робіць акцэнт на рэвакцынацыі. Ахоп першаснай вакцынацыяй складае 70 працэнтаў насельніцтва. Калі гаварыць аб бустарызацыі, то людзі актыўна яе праходзяць, 27 працэнтаў ад колькасці поўнасцю прышчэпленых у нас ужо бустарызавана. Мы рэкамендуем рабіць бустар у жніўні-верасні, пакуль няма ўздыму захваральнасці", - адзначыў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач.
Рост захваральнасці на кавід у Беларусі чакаецца ў верасні. Паводле слоў спецыялістаў, пакуль чаканні пацвярджаюцца. "Чакаем, з улікам імуннай праслойкі насельніцтва, што новая хваля будзе не такой інтэнсіўнай, як папярэднія. Спадзяёмся, што захваральнасць будзе праходзіць пераважна ў лёгкай форме і лячэнне спатрэбіцца толькі амбулаторнае. На сённяшні момант у нас, як і ў суседзяў, цыркулюе ў асноўным (90 працэнтаў) амікрон-штам - падвіды ВА.4 і ВА.5. Яшчэ каля 10 працэнтаў прыпадае на стэлс-амікрон", - канстатаваў Аляксандр Тарасенка.-0-