Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 верасня 2022, 11:08

Міністэрства аховы здароўя актуалізавала парадак работы медыкаў ва ўмовах COVID-19

6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі зацверджаны парадак, які рэгламентуе работу медыцынскіх работнікаў арганізацый аховы здароўя ва ўмовах COVID-19. Гэта прадугледжана загадам міністэрства ад 30 жніўня 2022 года нумар 1124, паведамляе БЕЛТА.

Як растлумачылі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя, устаноўлены аднастайныя падыходы да падзелу на чыстыя і кантамінаваныя зоны ў бальніцах і паліклініках, вызначаны асаблівасці арганізацыі шлюза і парадку работы ў кантамінаванай зоне.

Спецыялісты разгледзелі розныя варыянты інтэнсіўнасці развіцця эпідпрацэсу і размежавалі комплекс санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў на прадпрыемствах.

Асобныя палажэнні датычацца работы ўрачоў агульнай практыкі, тэрапеўтаў і педыятраў. У перыяд уздыму захваральнасці на COVID-19 яны могуць устанаўліваць на амбулаторным этапе дыягназ "інфекцыя COVID-19" без лабараторнага і рэнтгеналагічнага пацвярджэння.

Міністэрства аховы здароўя нагадала, што на тэрыторыі краіны праводзіцца бустарная вакцынацыя супраць інфекцыі COVID-19. Прымяняюцца такія вакцыны, як "Спадарожнік Лайт", першы або другі кампанент "Гам-КАВІД-Вак" (дапускаецца выкарыстанне без чаргавання кампанентаў). Дзецям і падлеткам, цяжарным жанчынам і ў перыяд груднога выкормлівання, а таксама людзям, якія маюць медыцынскія проціпаказанні да ўвядзення іншых вакцын, прапануюць Sinopharm.

Удакладняецца таксама, што цяпер ва ўстановах аховы здароўя ёсць у наяўнасці лекавы прэпарат "Гам-КАВІД-Вак" (кампанент 2) вытворчасці АТ "Бінафарм". Тэрмін годнасці прэпарату прадоўжаны Міністэрствам аховы здароўя Расіі да 31 снежня 2022 года. Гэты прэпарат прайшоў неабходны аб'ём выпрабаванняў у лабараторыі кантролю якасці імунабіялагічных лекавых сродкаў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі і па яго выніках Міністэрства аховы здароўя Беларусі прыняло рашэнне аб медыцынскім прымяненні прэпарату з устаноўленым тэрмінам годнасці да канца бягучага года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі