Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 чэрвеня 2021, 14:14

Мінінфарм пракаменціраваў уводзімыя з 1 ліпеня змяненні ў аплаце працы работнікаў СМІ

22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Начальнік фінансава-эканамічнага аддзела Міністэрства інфармацыі Вольга Мурашова пракаменціравала сёння журналістам змяненні ў аплаце працы работнікаў СМІ, якія ўводзяцца з 1 ліпеня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Зарплата супрацоўнікаў СМІ выбудоўваецца згодна з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 2019 года нумар 27 "Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый". Указам Прэзідэнта ад 22 снежня 2020 года нумар 482 унесены некаторыя змяненні, - сказала Вольга Мурашова. - Так, з 1 ліпеня 2021 года павялічваецца прэмія з 5 працэнтаў да 20 працэнтаў, а таксама павялічваецца памер аднаразовай выплаты на аздараўленне".

З 15 студзеня 2021 года ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства інфармацыі нумар 1 "Аб змяненні пастановы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ад 18 чэрвеня 2019 г. нумар 2". Дакумент растлумачвае парадак ажыццяўлення і памеры стымулюючых выплат работнікам бюджэтных арганізацый, падпарадкаваных ведамству, і бюджэтных арганізацый, падпарадкаваных мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, якія адносяцца да сферы дзейнасці Мінінфарма.

Так, з 1 ліпеня 2021 года ўстанаўліваюцца надбаўкі за складанасць і напружанасць працы кіраўнікам, спецыялістам і іншым служачым бюджэтных арганізацый, якія адносяцца да сферы дзейнасці Міністэрства інфармацыі. Памеры і парадак выплаты вызначаюцца кіраўнікамі бюджэтных арганізацый. Як адзначаецца, надбаўка не закранае рабочыя прафесіі.

Акрамя таго, надбаўкі ўстанаўліваюцца за характар працы работнікам бюджэтных арганізацый, якія адносяцца да сферы дзейнасці Міністэрства інфармацыі. На выплату гэтай надбаўкі могуць накіроўвацца сродкі ў памеры да 50 працэнтаў сумы акладаў гэтых работнікаў. Пералік работнікаў, якім устанаўліваецца надбаўка за характар працы, канкрэтны памер і парадак яе выплаты вызначаюцца кіраўнікамі.

Змяненні закранулі таксама выплату надбавак маладым спецыялістам з ліку выпускнікоў, якія атрымалі вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю, месца работы якіх прадастаўлена шляхам размеркавання (пераразмеркавання), накіравання на работу (наступнага накіравання на работу) у бюджэтныя арганізацыі. На працягу двух гадоў з даты прыёму іх на работу па накіраванні ўстаноўлена надбаўка ў памеры 20 працэнтаў акладу.

"Мы даўно вядзём з работнікамі арганізацый растлумачальную работу, узаемадзейнічаем з абласцямі. Лакальныя акты павінны ўжо былі быць прыведзены ў адпаведнасць", - дадала Вольга Мурашова.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі