Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 чэрвеня 2016, 12:44

Мінімум 80 працэнтаў дамашніх гаспадарак Беларусі да 2020 года будуць мець доступ да інтэрнэту

17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Узровень пранікнення інтэрнэту да 2020 года складзе мінімум 80 працэнтаў дамашніх гаспадарак. Гэта прадугледжана праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады, які будзе абмяркоўвацца на пятым Усебеларускім народным сходзе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У праекце праграмы напісана, што ў бягучай пяцігодцы ў сферы інфарматызацыі трэба будзе вырашыць дванаццаць ключавых задач.

Першая - стварэнне адной з самых сучасных інфраструктур тэлекамунікацый ва Усходняй Еўропе. У прыватнасці, будзе рэалізавана праграма "Оптавалакно ў кожны дом", пашыраны праект стварэння сотавай сувязі чацвёртага пакалення на тэрыторыю ўсёй краіны. Па меры распрацоўкі найноўшага стандарту сувязі пятага пакалення будуць запушчаны адпаведныя пілотныя зоны на тэрыторыі Беларусі. Узровень пранікнення інтэрнэту да 2020 года складзе мінімум 80 працэнтаў дамашніх гаспадарак.

Другая - стварэнне паўнацэннага электроннага ўрада. Арыентавацца па якасці і паўнаце электронных паслуг плануецца на Рэспубліку Карэя, якая з'яўляецца сусветным лідарам у гэтай галіне. Да 2020 года ўсе базавыя адміністрацыйныя паслугі павінны аказвацца ў электронным выглядзе. Усе жыхары будуць мець магчымасць выкарыстоўваць электронны подпіс. Атрымаць любыя дакументы, даведкі можна будзе хутка, лёгка і зручна, усе адміністрацыйныя працэдуры стануць празрыстымі.

Трэцяя задача прадугледжвае, што стандартам для новых дамоў і кватэр стане сістэма "Разумны дом". Ва ўсім новапабудаваным жыллі грамадзяне будуць мець магчымасць выкарыстоўваць гэту сістэму.

Чацвёртая прадугледжвае максімальнае ўкараненне ва ўсе галіны эканомікі тэхналогій збору і апрацоўкі вялікіх масіваў даных, перш за ўсё ў медыцыне, гандлі і сельскай гаспадарцы.

Пятая - вывучэнне магчымасцей выкарыстання найноўшых тэхналогій перадачы і захоўвання інфармацыі ў банкаўскай сферы, дзяржаўным кіраванні, натарыяце і іншых.

Шостая - зняцце ўсіх адміністрацыйных бар'ераў, што перашкаджаюць развіццю электроннага гандлю, а таксама выкарыстанню вядучых сусветных і рэгіянальных плацежных сістэм.

Сёмая задача прадугледжвае аснашчэнне ўсіх школ краіны высакаскорасным бесправадным інтэрнэтам, а таксама шырокае выкарыстанне электронных сродкаў навучання (электронныя дзённік, журнал, падручнік і іншыя).

Восьмая задача датычыцца транспартнай сферы, у якой плануецца стварэнне аўтаматызаваных сістэм маніторынгу і кіравання станам транспартнай інфраструктуры, укараненне інтэлектуальных комплексаў рэгулявання дарожнага руху, сістэм уліку паліўных рэсурсаў.

Дзявятая - прамысловасці. Запланавана ўкараненне аўтаномных вытворчых комплексаў, сістэм кіравання на аснове канцэпцыі "Інтэрнэт рэчаў", тэхналогій трохмернага друку, поўная лічбавая інтэграцыя інжынерна-канструктарскіх работ па ўсім ланцужку стварэння кошту.

Для вырашэння дзясятай задачы прадугледжваецца ў сельскай гаспадарцы - пераход да дакладнага земляробства, заснаванага на шырокім выкарыстанні даных спадарожнікавых сістэм сувязі і навігацыі, аўтаматызаваных сістэм збору інфармацыі і кіравання працэсамі.

Адзінаццатая задача - у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, дзе плануецца ўкараненне паўсюль сістэм аўтаматызаванага ўліку і рэгулявання спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў, кантролю за тэхнічным станам аб'ектаў інфраструктуры, паўнатой і правільнасцю налічэння і аплаты жыллёва-камунальных паслуг.

Дванаццатая задача прадугледжвае стварэнне ў Беларусі прававога, адукацыйнага і інвестыцыйнага асяроддзя (уключаючы пытанні падаткаабкладання, абароны інтэлектуальнай уласнасці і інвестыцый, руху капіталу), максімальна спрыяльнага для развіцця лічбавых тэхналогій, новых тэхналагічных праектаў, бізнесу ў сферы інфармацыйных тэхналогій і іншага.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі