Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 мая 2021, 09:07

"Мінімалка" і БПМ будуць вызначацца па-новаму, мінімальны спажывецкі бюджэт адмяняецца

14 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнтам Беларусі 7 мая падпісаны Закон нумар 98-З "Аб змяненні законаў па пытаннях сацыяльных нарматываў і мінімальнай заработнай платы". Сутнасць карэкціровак БЕЛТА растлумачылі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Законам прадугледжваецца, па-першае, адмена мінімальнага спажывецкага бюджэту (МСБ). "У рэспубліцы пры рэалізацыі дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, а таксама пры ажыццяўленні мер сацыяльнай абароны насельніцтва будзе прымяняцца толькі адзін сацыяльны нарматыў - бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ), - удакладнілі ў Мінпрацы і сацабароны. - Выкарыстанне аднаго сацыяльнага нарматыву дасць магчымасць забяспечыць аднастайны падыход для вызначэння выплат сацыяльнага характару, іншых абавязацельстваў дзяржавы, а таксама крытэрыю прадастаўлення асобных відаў дзярждапамогі".

Па-другое, дакументам удакладнены парадак вызначэння і фарміравання бюджэту пражытачнага мінімуму.

У прыватнасці, аптымізаваны пералік сацыяльна-дэмаграфічных груп, для якіх разлічваецца БПМ. Выключана група "студэнты", узроставыя рамкі якой сёння адсутнічаюць на практыцы. "Умоўны студэнцкі ўзрост уваходзіць у працаздольны ўзрост, у сувязі з чым памер стыпендыі для тых, хто навучаецца ў дзённай форме атрымання адукацыі, устаноўлены ў памеры, кратным велічыні БПМ для працаздольнага насельніцтва. Віды дзяржаўнай падтрымкі студэнтам аказваюцца не ў сувязі з іх статусам, а па iншых падставах, дзеючых для насельніцтва ў цэлым", - растлумачылі ў ведамстве.

Акрамя таго, скарочаны тэрміны перагляду складу і структуры БПМ з 5 гадоў да 3, што дасць магчымасць своечасова яго актуалізаваць з улікам змяненняў спажывецкіх расходаў малазабяспечаных грамадзян.

І яшчэ адна важная навацыя: удасканальваецца парадак устанаўлення памеру месячнай мінімальнай заработнай платы (МЗП). У вызначэнні яе велічыні ўзмацняецца роля бакоў сацыяльнага партнёрства - рэспубліканскіх аб'яднанняў наймальнікаў і прафесійных саюзаў. Прапановы Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях будуць улічвацца пры ўстанаўленні з 1 студзеня Саветам Міністраў Беларусі памеру месячнай МЗП.

Таксама прадугледжваецца гарантаваны ўзровень месячнай мінімальнай зарплаты, ніжэй за які яе памер не можа быць устаноўлены Саўмінам. Месячная МЗП штогод з 1 студзеня будзе ўстанаўлівацца не ніжэй за 30 працэнтаў прагнознага значэння намінальнай налічанай сярэднямесячнай зарплаты па краіне, вызначанага ў прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на каляндарны год, адпаведны месяцу вызначэння памеру месячнай МЗП.

"Прынятыя змяненні накіраваны на павышэнне ролі мінімальнай зарплаты ў рэгуляванні аплаты працы нізкааплатных катэгорый работнікаў", - падкрэслілі ў Мінпрацы і сацабароны.

Закон уступае ў сілу з 15 лістапада 2021 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі