Сцяг Чацвер, 2 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 студзеня 2019, 09:01

Мінімалка, базавая велічыня, пенсійны ўзрост - што змянілася ў сацыяльнай сферы Беларусі з 1 студзеня

2 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінімальная заработная плата, базавая велічыня, пенсійны ўзрост - гэтыя і іншыя паказчыкі сацыяльнай сферы змяняюцца ў Беларусі з 1 студзеня, паведамляе БЕЛТА.

МЗП

Месячная мінімальная заработная плата з новага года павялічылася з Br305 да Br330. Гэта вынікае з пастановы Савета Міністраў нумар 870 "Аб устанаўленні памеру месячнай мінімальнай заработнай платы" ад 5 снежня 2018 года.

Мінімальная заработная плата - гэта параметр, які наймальнік абавязаны прымяняць як ніжэйшую мяжу аплаты працы за работу ў нармальных умовах пры нармальнай працягласці рабочага часу. І, вядома, пры належным выкананні абавязкаў работнікам. Пры гэтым МЗП прымяняецца з улікам адпрацаванага рабочага часу. Калектыўным дагаворам (пагадненнем) можа быць устаноўлены iншы памер месячнай мінімальнай заработнай платы, але не ніжэйшы за ўстаноўлены ўрадам.

Базавая велічыня

Базавая велічыня ў Беларусі павялічваецца раз у год. У 2017-м яна складала Br23, у 2018-м вырасла да Br24,5. З 1 студзеня 2019 года памер 1 БВ роўны Br25,5 (гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 27 снежня 2018 года нумар 956). Ад базавай велічыні залежаць памеры некаторых дапамог, стыпендый, падаткаў і збораў, штрафаў, іншых выплат. У тым ліку - дапамог па беспрацоўі і стыпендый беспрацоўным, якія накіроўваюцца службай занятасці на вучобу.

Узрост выхаду на пенсію

Чарговы этап павышэння пенсійнага ўзросту на паўгода таксама запушчаны 1 студзеня: у мужчын ён цяпер складае 61,5 года, у жанчын - 56,5. Гэта значыць, пачынаючы з другога паўгоддзя будзе назначацца пенсія для мужчын, народжаных з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1958 гады, і для жанчын, народжаных з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1963 года.

Адпаведна павялічваецца і мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрымання пенсіі, - з 16,5 года да 17 гадоў.

ЖКП для не занятых у эканоміцы

Рэалізацыя дэкрэта "Аб садзейнічанні занятасці" ўступае ў актыўную фазу. Ужо з 1 снежня стала даступна база даных не занятых у эканоміцы працаздольных грамадзян. Тыя з іх, хто мае ва ўласнасці або здымае жыллё, з 1 студзеня павінны плаціць па эканамічна абгрунтаваных тарыфах за падаграванне вады (прапарцыянальна колькасці аказаных яму паслуг). З 1 кастрычніка 2019 года поўнасцю давядзецца плаціць і за цеплазабеспячэнне жылых памяшканняў. Даведаюцца пра павелічэнне аплаты такія грамадзяне праз жыроўкі.

Аднак налічэнне платы за жыллёва-камунальныя паслугі ажыццяўляецца ў агульнаўстаноўленым парадку ў выпадку, калі не заняты ў эканоміцы грамадзянін сам плацельшчыкам не з'яўляецца, а пражывае з працуючым або пенсіянерам. Затое для двух і больш не занятых у эканоміцы грамадзян, якія пражываюць у кватэры (уключаючы ўласніка/кватэранаймальніка), у адносінах да кожнага з іх названыя вышэй ЖКП налічаюцца па поўных тарыфах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі