21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чатыры арганізацыі Мінска на бягучым тыдні прапануюць беспрацоўным варыянты працаўладкавання - з 22 па 24 студзеня пройдуць тры міні-кірмашы вакансій, паведамілі БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама.
Першае мерапрыемства запланавана на 22 студзеня ў аддзеле абслугоўвання грамадзян нумар 2 упраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама (пр. Любімава, 14). Са сваімі прапанаваннямі занятасці наведвальнікаў азнаёмяць прадстаўнікі ўнітарнага прадпрыемства "Завод Белкааппрагрэс "Белкаапсаюза" і ТАА "Рэсттрэйд" (сетка магазінаў "Дыяніс").
На наступны дзень саіскальнікаў рабочых месцаў запрашаюць у аддзел абслугоўвання грамадзян нумар 1 (вул. Я.Коласа, 69). Вакансіі прапануюць усё тое ж ТАА "Рэсттрэйд" і ТАА "Даніпол".
Завершыць тыдзень працаўладкавання 24 студзеня мерапрыемства ў аддзеле абслугоўвання грамадзян нумар 3 (вул. Шчарбакова, 32). Наведвальнікаў азнаёмяць з магчымасцямі працаўладкавання ў СБУ нумар 4 дзяржаўнага прадпрыемства "Упраўленне дарожна-маставога будаўніцтва і добраўпарадкавання Мінгарвыканкама" і ў гандлёвай сетцы ТАА "Рэсттрэйд".
Усе мерапрыемствы будуць праходізць з 10.00 да 12.00. Прэтэндэнты на рабочыя месцы змогуць паразмаўляць непасрэдна з патэнцыяльным наймальнікам, азнаёміцца ў прадстаўнікоў кадравых службаў з інфармацыяй аб прадпрыемстве, вакансіях, магчымасцях працаўладкавання, умовах працы і аплаты. Да паслуг наведвальнікаў і інфармацыя аб сітуацыі на рынку працы, наяўнасці свабодных рабочых месцаў у горадзе, аплатных грамадскіх работах.
Спецыялісты службы занятасці пракансультуюць па пытаннях працаўладкавання, рэгістрацыі грамадзян у якасці беспрацоўных, навучання, прадастаўлення субсідыі для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці.-0-