Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 студзеня 2020, 13:01

Мінбудархітэктуры зацвердзіла парадак датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу на жыллё

27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва зацвердзіла абноўленую інструкцыю аб выкарыстанні сямейнага капіталу для паляпшэння жыллёвых умоў. Адпаведная пастанова ведамства афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

З 1 студзеня 2020 года сродкі сямейнага капіталу можна выкарыстаць датэрмінова на паляпшэнне жыллёвых умоў. З улікам гэтага Мінбудархітэктуры абнавіла інструкцыю, як патраціць сямейны капітал на жыллё.

У інструкцыі прапісана, што сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны датэрмінова поўнасцю альбо па частках для вырашэння жыллёвых пытанняў некалькімі спосабамі. Гэта будаўніцтва або рэканструкцыя жылля ў складзе арганізацыі забудоўшчыкаў альбо на падставе дагавора стварэння аб'екта долевага будаўніцтва, а таксама будаўніцтва аднакватэрнага дома, кватэры гаспадарчым або падрадным спосабам. Магчыма таксама купля жылля, у тым ліку пабудаванага па дзяржзаказе, пагашэнне запазычанасці па крэдыце, прадастаўленым на будаўніцтва, рэканструкцыю або куплю жылля, і выплату працэнтаў па ім.

Пасля 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці сродкі сямейнага капіталу могуць быць накіраваны на тыя ж мэты, што і пры датэрміновым выкарыстанні. Плюс да гэтага грошы можна расходаваць на капрамонт жылля, пагашэнне запазычанасці на крэдыце на капрамонт і выплату працэнтаў за карыстанне ім, пагашэнне пазыкі, прадастаўленай арганізацыяй на будаўніцтва, рэканструкцыю або набыццё жылля.

Для датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу грамадзянін звяртаецца ў падраздзяленне Беларусбанка з заявай аб датэрміновым распараджэнні сродкамі, а таксама вызначанымі дакументамі (напрыклад, копіяй дагавора стварэння аб'екта долевага будаўніцтва, даведкай аб кошце будаўніцтва жылля і г.д.).

Беларусбанк на падставе заяў пералічае сродкі сямейнага капіталу на рахункі юрыдычных або фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў. Пры гэтым банк не кантралюе і не нясе адказнасць за нямэтавае выкарыстанне грамадзянамі сродкаў сямейнага капіталу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі