Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 студзеня 2019, 10:35

Мінбудархітэктуры: заказчыкі павінны ўдзяляць больш увагі стану будпляцовак

11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заказчыкі і генеральныя падрадчыкі павінны ўдзяляць больш увагі стану будаўнічых пляцовак. Такую пазіцыю Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва агучыў 10 студзеня журналістам начальнік аддзела аховы працы, санітарыі і экалогіі міністэрства Аляксандр Гатоўчык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Будаўнічы аб'ект - гэта складаная структура, дзе абстаноўка змяняецца кожную гадзіну. Без зладжанай работы калектыву, дакладнага кіраўніцтва ўзнікаюць розныя недахопы. Больш увагі будаўнічым аб'ектам павінны ўдзяляць заказчыкі і генпадрадчыкі, не трэба спадзявацца толькі на вытворцу работ, - сказаў Аляксандр Гатоўчык. - Міністэрства будзе прымаць меры па павышэнні культуры вытворчасці работ. Гэта вельмі сур'ёзна, без культуры вытворчасці парадку не будзе. Ад гэтага залежыць і бяспека людзей, і выкананнне тэхналогіі".

Паводле даных прадстаўніка міністэрства, у 2017 годзе ў падведамных арганізацыях загінулі пяць чалавек, у 2018-м - шэсць, з якіх двое - у выніку ДТЗ. У аварыю трапіў аўтамабіль з будаўнікамі, якія вярталіся з камандзіроўкі ў Астраўцы. У 2017 годзе былі траўміраваны 30 будаўнікоў, у мінулым годзе - столькі ж. Акрамя таго, на будаўнічых пляцоўках краіны у 2018 годзе здарылася 18 узгаранняў, асноўная прычына якіх - парушэнне патрабаванняў эксплуатацыі электраабсталявання і награвальных прыбораў. Пацярпелых у выніку ўзгарання не было.

Штомесяц органы дзяржаўнага будаўнічага нагляду прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці ў сярэднім 260 юрыдычных і фізічных асоб, з якіх больш як да трэці прымяняюцца штрафныя санкцыі за парушэнне патрабаванняў да стану будаўнічых пляцовак. Асаблівая ўвага ўдзяляецца Мінску і абласным цэнтрам. У сталіцы з амаль 800 правераных у мінулым годзе аб'ектаў 600 не адпавядалі ўстаноўленым патрабаванням. Па ўсіх выяўленых фактах нездавальняючага стану пляцовак выдаваліся рэкамендацыі аб неабходнасці іх устаранення, у выпадку іх невыканання вінаватыя службовыя асобы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці.

Першы намеснік дырэктара Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Юрый Булахаў адзначыў, што заказчыкі і падрадчыкі не ўдзяляюць належнай увагі стану будпляцовак. "Калі патрабаванні аб парадку на пляцоўцы ідуць ад заказчыка, там яны і будуць выконвацца, - дадаў ён. - Ёсць выпадкі парушэння правіл складзіравання будаўнічых матэрыялаў, часам адсутнічаюць агароджы на будаўнічых пляцоўках, абазначэнні небяспечных зон, асобныя тэрыторыі будоўляў ператвараюцца ў звалкі смецця і адходаў вытворчасці".

Начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Сазонава паведаміла, што ўжо на стадыі распрацоўкі праектнай дакументацыі на будаўніцтва павінен прадугледжвацца комплекс мерапрыемстваў па абыходжанні з адходамі. Штогод у Беларусі ўтвараецца каля 3 млн т будаўнічых адходаў: бой жалезабетонных вырабаў, асфальтабетону, цэглы, змешаных адходаў і г. д. Амаль 80 працэнтаў гэтых адходаў выкарыстоўваецца для другаснай перапрацоўкі. "У выніку перапрацоўкі атрымліваюць у асноўным другасны шчэбень, які ў далейшым можа выкарыстоўвацца для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, рэкультывацыі зямель", - растлумачыла Вольга Сазонава.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі