Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 мая 2024, 16:17

Мінадукацыі: рынак ІКТ зацікаўлены ў маладых таленавітых спецыялістах

28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рынак інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій зацікаўлены ў маладых таленавітых спецыялістах, заявіў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч на адкрыцці рэспубліканскай алімпіяды па абароне інфармацыі Security Challenge 2024 у Беларускім дзяржаўным універсітэце, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Сфера абароны інфармацыі развіваецца сёння імкліва. Айчынны рынак інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій вельмі зацікаўлены ў маладых таленавітых спецыялістах", - сказаў Аляксандр Бахановіч.

Паводле яго слоў, прыемна бачыць сярод удзельнікаў алімпіяды лепшых прадстаўнікоў вядучых універсітэтаў Беларусі. Выпрабаванні дадуць магчымасць ім праявіць свае прафесійныя кампетэнцыі і атрымаць новыя веды ў сферы абароны інфармацыі.

"Імкненне рэалізаваць сябе ў галіне абароны інфармацыі дасць магчымасць вам быць запатрабаванымі і высакакласнымі прафесіяналамі, а ваш поспех будзе садзейнічаць павышэнню якасці і канкурэнтаздольнасці беларускай вышэйшай адукацыі ў стратэгічна важнай галіне, спрыяльна паўплывае на ўмацаванне вобразу Беларусі як аднаго з лідараў у абароне інфармацыі", - упэўнены першы намеснік міністра.

У складзе журы алімпіяды прысутнічае кіруючы дырэктар "Лабараторыі Касперскага" ў Расіі і краінах СНД Ганна Кулашова. Яна расказала, што для ўдзельнікаў падрыхтавана шмат цікавых пытанняў: "Пытанні рыхтавалі, з аднаго боку, не вельмі складаныя, з іншага - з выклікам, цікавыя, каб удзельнікам было няпроста, каб яны змаглі ў поўнай меры прадэманстраваць свае даследчыя навыкі, навыкі крытычнага мыслення, веды ў галіне інфармацыйнай бяспекі".

Ганна Кулашова звярнула ўвагу, што тэарэтычная частка дае магчымасць праверыць тыя навыкі, якія былі раней засвоены студэнтамі, а практычная - уменні вырашаць канкрэтныя задачы. "Мы жывём у рэальным свеце, і дзецям у сваёй рабоце потым давядзецца сутыкацца з канкрэтнымі задачамі, канкрэтнай праблематыкай аховы інфармацыі. І чым больш практычных навыкаў яны могуць прадэманстраваць, тым яны больш гатовы да тых выклікаў, якія ёсць у галіне сучаснай інфармацыйнай абароны", - заўважыла яна.

Першы прарэктар БДУ Дзмітрый Курловіч, выступаючы на адкрыцці алімпіяды, выказаў упэўненасць, што спаборніцтвы будуць вельмі цікавымі, студэнты набудуць добры вопыт, які, магчыма, дапаможа ім у жыцці.

Вынікі алімпіяды падвядуць 29 мая. Удзельнікам прадаставяць магчымасць падаць апеляцыю і абараніць свае работы. Вынікі агучыць журы конкурсу ў складзе высокакваліфікаваных спецыялістаў, навуковых работнікаў і экспертаў у галіне інфармацыйных тэхналогій і бяспекі. Камісія назаве тры каманды-пераможцы. Іх узнагародзяць дыпломамі і памятнымі прызамі.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства адукацыі і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.-0-

Фота Віталя Піваварчыка
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі