6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства адукацыі рэкамендуе школьнікам на канікулах абмежаваць кантакты і заняцца самаадукацыяй, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар ведамства Людміла Высоцкая.
"З прадаўжэннем на тыдзень школьных канікулаў ва ўстановах адукацыі прадоўжаць работу школьныя лагеры, дзе з навучэнцамі будуць займацца педагогі. Зразумела, лагеры арганізаваны з выкананнем усіх неабходных мер бяспекі, - сказала Людміла Высоцкая. - Калі ж дзеці на канікулах засталіся дома, то неабходна захоўваць меры бяспекі, уключаючы элементарныя гігіенічныя нормы, абмежаванні ў перамяшчэнні і кантактах. Акрамя таго, рэкамендуем школьнікам заняцца самаадукацыяй з выкарыстаннем як навучальных дапаможнікаў, так і інтэрнэт-носьбітаў".
Як паведамлялася, тэрміны вясенніх канікулаў прадоўжаны на 6 дзён - з 6 па 11 красавіка ўключна. Адукацыйны працэс у чацвёртай чвэрці будзе прадаўжацца з 13 красавіка па 30 мая. У Мінадукацыі растлумачылі, такое рашэнне прынята з улікам пажаданняў бацькоў: у ведамства паступала да 100 званкоў у дзень з такой просьбай.-0-