Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 красавіка 2020, 15:37

Мінадукацыі расказала аб рэсурсах для навучання школьнікаў на адлегласці

16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Валянціна Гінчук рэкамендуе для навучання школьнікаў на адлегласці выкарыстоўваць максімум рэсурсаў, што існуюць сёння. Як арганізаваць навучанне, Валянціна Гінчук расказала сёння ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

У першую чаргу для навучання трэба выкарыстоўваць школьныя падручнікі, якія выдадзены па ўсіх прадметах для ўсіх класаў. У іх адлюстраваны ўвесь матэрыял у адпаведнасці з вучэбнымі праграмамі. Электронныя версіі вучэбных дапаможнікаў размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале ў бясплатным доступе.

Акрамя падручнікаў ёсць атласы, контурныя карты, рабочыя сшыткі на друкаванай аснове, іншыя дапаможнікі. Іх таксама трэба задзейнічаць пры арганізацыі самастойнай работы. Выдавецтвы, якія выпускаюць рабочыя сшыткі на друкаванай аснове, прадаставілі бясплатны доступ да рабочых сшыткаў у той частцы, якая датычыцца чацвёртай чвэрці.

Ёсць і электронныя навучальныя рэсурсы. Яны размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале на платформе Moodle. Паводле даных на 1 красавіка, для іх выкарыстання зарэгістраваны амаль 54 тыс. карыстальнікаў. З іх 14 тыс. - педагогі, астатнія - навучэнцы.

"На нацыянальным адукацыйным партале ёсць і іншыя вучэбныя выданні, распрацаваныя раней па праграме комплекснай інфарматызацыі, ёсць гукавыя дадаткі да вучэбных дапаможнікаў па замежных мовах", - растлумачыла Валянціна Гінчук.

Настаўнікі маюць права і магчымасць распрацаваць свае дадатковыя матэрыялы, выкарыстоўваючы інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. "Для дапамогі настаўніку падрыхтаваны пералікі інтэрнэт-сэрвісаў, якія можна выкарыстоўваць для распрацоўкі інтэрактыўнага кантэнту, арганізацыі ўзаемадзеяння з навучэнцам, відэатрансляцыі вучэбных матэрыялаў, арганізацыі зваротнай сувязі з навучэнцам", - расказала дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі.

Гэтыя рэкамендацыі разам з пералікамі сэрвісаў размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале. Метадычныя падказкі, як працаваць з гэтымі сэрвісамі, і рэкамендацыі можна знайсці на партале ў раздзеле "Дыстанцыйны ўсенавуч" для педагогаў. Там жа будзе адкрыта рубрыка "З вопыту работы педагогаў". "Мы ведаем, што ў рэгіёнах праводзіцца вялікая работа па распрацоўцы электронных адукацыйных рэсурсаў. У настаўнікаў ёсць шмат напрацовак, свае сайты і блогі. У раздзеле "З вопыту работы педагогаў" мы размесцім спасылкі на гэтыя сайты і блокі, каб іншыя настаўнікі маглі скарыстацца гэтымі напрацоўкамі і правільна арганізаваць вучэбны працэс", - адзначыла Валянціна Гінчук.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі