ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 7 кастрычніка 2022
Мінск Ясна +11°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 жніўня 2022, 16:29

Мінадукацыі: прыёмная кампанія прайшла паспяхова для абітурыентаў, ВНУ і заказчыкаў кадраў

Фота з архіва
Фота з архіва

10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыёмная кампанія прайшла паспяхова як для абітурыентаў, так і для ўстаноў адукацыі, а таксама для патэнцыяльных заказчыкаў кадраў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч.

У Беларусі завяршылася прыёмная кампанія ва ўстановах вышэйшай адукацыі, за выключэннем завочнай формы навучання на спецыяльнасцях сельскагаспадарчай накіраванасці. Там прыём будзе ажыццяўляцца ў лістападзе-снежні гэтага года.

"На гэты момант можна канстатаваць у цэлым паспяховасць праведзенай прыёмнай кампаніі як для абітурыентаў, так і для ўстаноў адукацыі, ну, і, вядома ж, для патэнцыяльных заказчыкаў кадраў. Паколькі той прыём, які адбыўся ў гэтым годзе, у першую чаргу на бюджэтную форму атрымання адукацыі, на мэтавую форму, - гэта тыя спецыялісты, якіх атрымаюць заказчыкі кадраў праз 4-5 гадоў у якасці маладых спецыялістаў, уласна кажучы, найбольш перспектыўнай часткі працоўных рэсурсаў. Калі гаварыць аб колькаснай частцы праведзенай уступнай кампаніі, то бюджэтных месцаў паводле планаў у нас было амаль 27,8 тыс. Практычна на 100 працэнтаў бюджэтны план выкананы. Аднак трэба мець на ўвазе, што на бюджэтную завочную форму сельскагаспадарчых спецыяльнасцей прыём будзе ажыццяўляцца ў лістападзе бягучага года, а ў снежні завершыцца залічэннем", - расказаў Сяргей Каспяровіч.

Паводле яго слоў, на платнай форме навучання прасочваецца тая ж тэндэнцыя. "З 25,5 тыс. месцаў для платнікаў фактычна больш за 95 працэнтаў запоўнены. Тут зноў жа завочная форма сельскагаспадарчых спецыяльнасцей - прыём яшчэ наперадзе. Мы бачым вельмі высокі попыт сярод абітурыентаў і на атрыманне адукацыі на платнай аснове, што таксама не можа не радаваць. Гэта сведчыць аб рэйтынгу нашых ВНУ і прэстыжнасці атрымання вышэйшай адукацыі ў нас у краіне", - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення.

У гэтым годзе шэраг універсітэтаў аб'явіў прыём на новыя спецыяльнасці, іх было каля паўтара дзясятка. "Усе новыя спецыяльнасці, такія як, напрыклад, "урбаналогія і сіці-менеджмент", "геаінфармацыйныя тэхналогіі ў турыстычнай і экскурсійнай дзейнасці", "біяінфарматыка і біяінжынерыя" і іншыя, карысталіся высокім попытам сярод абітурыентаў. Усе планавыя лічбы набору і на бюджэт, і на платную форму па гэтых спецыяльнасцях былі выкананы, што сведчыць і аб вельмі эфектыўнай інфармацыйнай рабоце, і вядома ж, аб цікавасці выпускнікоў школ і іншых устаноў да атрымання адукацыі па новых запатрабаваных спецыяльнасцях. А новыя спецыяльнасці, як вядома, з'яўляюцца толькі тады, калі на іх ёсць запатрабаванасць з боку заказчыкаў кадраў і работадаўцаў", - праінфармаваў прадстаўнік Мінадукацыі.

У цэлым у прыёмную кампанію гэтага года былі запатрабаваны спецыяльнасці тэхніка-тэхналагічнага профілю, медыцынскія, ІТ-спецыяльнасці, педагагічныя. Усе яны характарызаваліся высокімі конкурсамі, у асобных выпадках яны складалі больш за тры чалавекі на месца. Акрамя таго, на іх фіксаваліся высокія прахадныя балы - 300 і больш. На некалькі дзясяткаў спецыяльнасцей прахадныя балы перавысілі 350 пунктаў пры паступленні на бюджэтную форму атрымання адукацыі.

"Што датычыцца кошту навучання, на гэты момант ВНУ скарэкціравалі яго. Павышэнне кошту на платнай форме склала да 10 працэнтаў. Кожная ВНУ карэкціроўкі ажыццяўляла самастойна: дзесьці ў маштабах усяго ўніверсітэта, дзесьці толькі асобных спецыяльнасцей. У любым выпадку павышэнне не перавышае 10 працэнтаў ад таго кошту, які быў сфарміраваны раней", - падкрэсліў Сяргей Каспяровіч.

Ён адзначыў, што мэтавая форма падрыхтоўкі ў цяперашнюю прыёмную кампанію таксама атрымала дадатковы віток у сваім развіцці. "Яна карыстаецца попытам і ў абітурыентаў, і ў заказчыкаў. У асобных выпадках на мэтавую форму падрыхтоўкі (мы бачылі, напрыклад, на асобныя педагагічныя спецыяльнасці) - больш высокі конкурс і прахадны бал, чым на агульную траекторыю паступлення на бюджэтную форму атрымання адукацыі", - рэзюмаваў кіраўнік.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі