3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Начальнік галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана Уклейка расказала карэспандэнту БЕЛТА аб асаблівасцях набору ў дзіцячыя сады ў гэтым годзе.
Начальнік галоўнага ўпраўлення нагадала, што накіраванне ў дзіцячыя сады выдаецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі з улікам норм напаўняльнасці груп і ў адпаведнасці са спісам дзяцей, якія маюць патрэбу ў атрыманні дашкольнай адукацыі. "Камплектаванне груп устаноў дашкольнай адукацыі і перавод выхаванцаў ажыццяўляецца штогод на пачатак навучальнага года. Разам з тым Міністэрствам аховы здароўя дадзены тлумачэнні аб тым, што забараняецца пераводзіць з групы ў групу і прымаць новых дзяцей у сады толькі ў той перыяд, калі ва ўстанове дашкольнай адукацыі рэгіструюцца выпадкі інфекцыі COVID-19 або не скончыўся перыяд правядзення санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў у сувязі з рэгістрацыяй такіх выпадкаў", - адзначыла Святлана Уклейка.
Паводле яе слоў, у дзіцячых садах прыняты неабходныя санітарна-эпідэміялагічныя меры і выконваюцца ўсе рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя. Ёсць неабходны запас дэзынфіцыруючых сродкаў, праводзіцца праветрыванне памяшканняў, штодзённа ажыццяўляецца праверка індывідуальнага стану кожнага дзіцяці.-0-