Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 лютага 2019, 09:06

Мінабароны прапануе ўвесці для студэнтаў з адтэрміноўкай абавязковыя ваенна-ўліковыя спецыяльнасці

18 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства абароны прапануе ўвесці для студэнтаў з адтэрміноўкай абавязковыя ваенна-ўліковыя спецыяльнасці. Аб гэтым заявіў міністр абароны Андрэй Раўкоў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

"Мы рыхтуем прапанову, каб той, каму далі адтэрміноўку ад службы, пры атрыманні адукацыі абавязкова асвоіў ваенна-ўліковую спецыяльнасць. Таксама прапанавалі, каб чалавек пасля службы ў адносінах да іншых маладых людзей, якія ўхіляюцца ад арміі, пры аднолькавых балах меў перавагі пры паступленні, засяленні ў інтэрнат і размеркаванні", - сказаў Андрэй Раўкоў.

Міністр адзначыў, што аб прэстыжы службы ў арміі, і аб тым, што толькі пасля яе мужчына можа называцца мужчынам, гаварыў Прэзідэнт Беларусі 5 кастрычніка мінулага года на 174-м вучэбным палігоне Даманава ў Івацэвіцкім раёне.

Як падкрэсліў Андрэй Раўкоў, Міністэрства абароны рэгулярна сочыць за меркаваннямі маладых людзей, праводзіць анкетаванне сярод тых, хто прайшоў тэрміновую службу. І 84 працэнты апытаных лічаць, што армія дала ім толькі станоўчыя эмоцыі: яны падужэлі, пасталелі, падрыхтаваліся да дарослага жыцця і зразумелі, як паводзіць сябе з людзьмі.

А для ІТ-спецыялістаў, якія праходзяць тэрміновую службу і не хочуць страціць свае навыкі, у Беларусі была створана ІТ-рота. Яе мэта - распрацоўка праграмнага забеспячэння, спецыяльных і прыкладных праграм сумесна з падраздзяленнямі Ваеннай акадэміі, іншымі навуковымі, вучэбнымі ўстановамі. Сярод праектаў, якімі займаецца акадэмія, ключавое значэнне маюць тыя, што звязаны з мадэляваннем ваенных дзеянняў, навігацыйным забеспячэннем, распрацоўкай аўтаматызаваных сістэм кіравання і радыёлакацыі. "ІТ-рота была ўспрынята станоўча, конкурс склаў каля васьмі чалавек на месца. Моладзь настроена на работу, вочы блішчаць", - расказаў міністр.

Таксама Андрэй Раўкоў нагадаў, што ў 2019 годзе будзе скарэкціраваны План абароны дзяржавы на 2020-2024 гады. "Работа пачата, у канцы года Прэзідэнту будзе прадстаўлены ўдакладнены план", - рэзюмаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі