Фота "Ваяр"
19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ваеннаслужачыя беларускай арміі прадаўжаюць выконваць задачы па ўзмацненні ўчасткаў Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве абароны.
Падраздзяленні Узброеных Сіл працуюць у цесным узаемадзеянні з прадстаўнікамі мясцовай улады, пагранічнікамі, супрацоўнікамі МУС. Асаблівая ўвага ўдзяляецца барацьбе з беспілотнікамі. Браніраваная тэхніка абсталявана рознымі тыпамі антыдронавай абароны.
Дэсантнікі, танкісты, мотастралкі, артылерысты, сродкі ППА кругласутачна стаяць на баявым дзяжурстве, патрулююць тэрыторыі, нясуць службу на блокпастах, вядуць разведку з дапамогай беспілотнікаў.
"Падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый знаходзяцца ў раёне выканання задачы для планавага ўзмацнення нашых паўднёвых рубяжоў. Штодзённа мы праводзім заняткі па тактычнай падрыхтоўцы, зладжванні падраздзяленняў на мясцовасці, на якой мы выконваем задачы. Апорныя пункты і рубяжы абсталяваны ў інжынерных адносінах, - адзначыў ваеннаслужачы сіл спецыяльных аперацый. - Абстаноўка ў цэлым на граніцы напружаная, але кантралюемая. Штодзённа мы фіксуем пралёты разведвальнай беспілотнай авіяцыі з украінскага боку, работу радыётэхнічных і аптычных сродкаў разведкі. Кругласутачна ўздоўж дзяржаўнай граніцы працуюць пешыя патрулі, ажыццяўляецца дзяжурства на блокпастах. Наладжана работа з мясцовымі жыхарамі, з якімі працуем не першы год. Пры з'яўленні падазроных асоб або незнаёмай тэхнікі яны нас аператыўна інфармуюць".
Мясцовасць, у якой працуюць сілы спецыяльных аперацый, як правіла, няпростая. "Гэта і непраходныя лясы, балоты. На ўчастках мясцовасці перакрываем водныя перашкоды. Увесь асабовы склад настроены на вынік. Мы абараняем сваю Радзіму. Гэта для нас вялікі гонар", - дадаў ваеннаслужачы сіл спецыяльных аперацый.-0-
Фота "Ваяр"