Сцяг Серада, 18 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 снежня 2025, 12:23

Мінабароны абнавіла пералік транспарту, які падлягае прадастаўленню войскам у перыяд мабілізацыі

Фота з архіва
Фота з архіва
21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства абароны Беларусі абнавіла і ўдакладніла пералік транспартных сродкаў, якія падлягаюць прадастаўленню войскам і фарміраванням у перыяд мабілізацыі і ваенны час. Гэта вынікае з пастановы Мінабароны ад 8 снежня 2025 года №29, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

"У дзяржаўных органах, іншых арганізацыях незалежна ад форм уласнасці, якія з'яўляюцца ўласнікамі транспартных сродкаў або валодаюць транспартнымі сродкамі на праве гаспадарчага вядзення або аператыўнага кіравання альбо атрымалі транспартныя сродкі па дагаворы фінансавай арэнды (лізінгу) у часовае валоданне і карыстанне, а таксама ў арганізацыях, якія забяспечваюць работу транспартных сродкаў, у тым ліку ў рачных партах, прыстанях, у аэрапортах, на нафтабазах, аўтазаправачных станцыях, у рамонтных і іншых арганізацыях, у мірны час праводзяцца мерапрыемствы, звязаныя з улікам транспартных сродкаў, якія будуць прадастаўляцца Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь, іншым войскам, воінскім і спецыяльным фарміраванням у перыяд мабілізацыі і ў ваенны час, іх падрыхтоўкай для прадастаўлення войскам і фарміраванням, а таксама забеспячэннем работы гэтых транспартных сродкаў у адпаведнасці з мабілізацыйнымі заданнямі", - адзначана ў дакуменце.

Раней мабілізацыі падлягалі ўсе транспартныя сродкі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, якія з'яўляюцца ўласнікамі гэтых транспартных сродкаў або валодаюць імі на праве гаспадарчага ведання або аператыўнага кіравання незалежна ад форм уласнасці. Цяпер у гэты пералік уваходзіць у тым ліку тэхніка, узятая ў лізінг.

Для забеспячэння работы транспартных сродкаў, якія прадастаўляюцца войскам і фарміраванням у перыяд мабілізацыі і ў ваенны час, ствараюцца камплекты запасных частак, шанцавага інструменту, заправачнага і іншага інвентару, абсталявання для перавозкі асабовага складу на бартавых аўтамабілях і іншага спецыяльнага абсталявання. Пры гэтым змяніўся камплект. У яго цяпер уваходзіць "абсталяванне для перавозкі асабовага складу на бартавых аўтамабілях".

Акрамя таго, пашыраны пералік транспартных сродкаў, якія ў ваенны час грамадзяне павінны будуць перадаваць арміі. Туды дабавіліся матацыклы.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі