
24 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА. Унясенне змяненняў у Канстытуцыю - важны ўклад у будучыню краіны, заявіў журналістам начальнік упраўлення адукацыі, навукі і культуры Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Канойка, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка для ўдзельнікаў 57-га Зорнага паходу па мясцінах баявой і працоўнай славы беларускага народа праходзіць дыялогавая пляцоўка на тэму "Канстытуцыя - сіла Асноўнага закона".
"Наша моладзь цудоўна разумее, што па Асноўным законе ім жыць, вучыцца, працаваць, будаваць краіну, ствараць сем'і, гадаваць дзяцей. Таму многія пытанні для іх сапраўды актуальныя", - сказаў Аляксандр Канойка.
Паводле яго слоў, сёння важна не дапусціць скажэння нашага гераічнага мінулага. "Тэма Вялікай Айчыннай вайны - гэта генетычны код нашага народа. І гэта тое, што трэба захаваць і перадаць нашым нашчадкам. І моладзь гэта цудоўна разумее", - адзначыў начальнік упраўлення.
Аляксандр Канойка падкрэсліў, што важна абмяркоўваць праект Канстытуцыі ў маладзёжным асяроддзі. "Ніякі чыноўнік, ніякі дарослы не зможа дайсці да кожнай маладзёжнай аўдыторыі. А яны пасля нашых дыялогавых пляцовак змогуць спакойна на простай маладзёжнай мове тлумачыць гэтыя новаўвядзенні. Напярэдадні 57-га Зорнага паходу - гэта вельмі важна. Маладыя педагогі паедуць у рэгіёны, дзе на сустрэчах з моладдзю, навучэнцамі раскажуць пра важнасць прыняцця Асноўнага закона, пра яго асноўныя навелы. Гэта сапраўды вельмі важна. Гэта ўклад у будучае нашай краіны", - дадаў ён.-0-