Сцяг Нядзеля, 5 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 лютага 2021, 09:50

Менавіта ад кожнага з нас залежыць, якой наша краіна будзе заўтра - дэлегат УНС

11 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Менавіта ад кожнага з нас залежыць, якой наша краіна будзе заўтра. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказала старшыня Полацкага раённага аб'яднання прафсаюзаў, дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу Вольга Захаранка.

"Я думаю, кожнаму з нас трэба ўсвядоміць галоўнае, што сёння менавіта ад кожнага з нас, ад нашай грамадзянскай пазіцыі, асабістага ўкладу залежыць тое, што адбываецца ў нашай краіне і якой яна будзе заўтра. Мы хочам добрага жыцця - дык мы яго і павінны ствараць. Толькі ў працы добры чалавек. І кожны на сваім прыкладзе, як грамадзянін, сем'янін, павінен прымнажаць і рабіць наша жыццё яшчэ лепшым", - сказала Вольга Захаранка.

Паводле яе слоў, у беларусаў ёсць самае галоўнае. "Беларусь - гэта астравок бяспекі, такі ўтульны куток у свеце. Моцная краіна, моцны лідар - сапраўдны сын сваёй Айчыны. Ён - прыклад для нас. Мы не маем права рабіць інакш. Мы ўсе павінны любіць сваю краіну і, самае галоўнае, умець браць адказнасць на сябе. Кожны крок, кожны дзень у кожнай сваёй справе. Таму, я думаю, што гэта будзе выдатны нацыянальны дыялог. Ён абавязкова кансалідуе ўсё наша грамадства. І гэта абавязкова прывядзе да поспеху", - адзначыла дэлегат.

VI Усебеларускі народны сход пачынае працаваць сёння ў Палацы Рэспублікі ў Мінску. Дэлегаты абмяркуюць вынікі рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады і асноўныя палажэнні праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021-2025 гады. Галоўная мэта на пяцігодку - забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве і рост дабрабыту грамадзян за кошт якаснага росту эканомікі, нарошчвання сацыяльнага капіталу, стварэння камфортных умоў для жыцця, работы і самарэалізацыі. Ключавыя прыярытэты пяцігодкі - шчаслівая сям'я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна, дзяржава-партнёр.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі 2,7 тыс. чалавек, з іх дэлегатаў - 2,4 тыс. На форуме сабраліся прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства: рабочыя, працаўнікі вёскі, работнікі сацыяльна-культурнай сферы і СМІ, ваеннаслужачыя, прадпрымальнікі, студэнты, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, пенсіянеры. Сярод дэлегатаў сходу таксама кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, парламентарыі, дэпутаты мясцовых Саветаў, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў.

У час Усебеларускага народнага сходу выступіць з дакладам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Даклад беларускага лідара традыцыйна плануецца ў першы дзень работы УНС. Адкрыццё форуму, даклад кіраўніка дзяржавы і выступленні ўдзельнікаў будуць трансліравацца ў прамым эфіры па беларускіх тэлеканалах і Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Трансляцыя будзе таксама даступна на сайце VI Усебеларускага народнага сходу і інтэрнэт-пляцоўках вядучых дзяржаўных СМІ. Пачатак мерапрыемства запланаваны на 11.00.

Чакаецца, што Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел у рабоце УНС і 12 лютага.

Тэлеверсію Усебеларускага народнага сходу гледачы змогуць убачыць 14 лютага ў вячэрнім эфіры беларускага тэлебачання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі