Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 мая 2019, 09:09

Медыкі заклікаюць не захапляцца алергатэстамі

13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Некаторыя алергатэсты малаінфарматыўныя, таму не трэба захапляцца самадыягностыкай, адзначыў загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска Дзмітрый Буза на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

Спецыяліст абазначыў такую праблему, як гіпердыягностыка, калі бацькі спрабуюць знайсці алерген, асабліва ў дзяцей з атапічным дэрматытам. "Робяць шматлікія аналізы, паўтараюць іх, каб знайсці вінаваты алерген, хоць часта гэтага алергену няма, - сказаў Дзмітрый Буза. - Любы аналіз павінен назначаць доктар. Пасля размовы з дзіцем, адным з яго бацькоў урач вырашае, ці патрабуецца аналіз і які менавіта від тэста паказаны. Пры неабходнасці ўрач-алерголаг дае накіраванне".

Цяпер існуе вельмі шмат камерцыйных лабараторый, якія прапануюць разнастайныя тэсты, у тым ліку тыя, якія малаінфарматыўныя для ўрача-алерголага. У прыватнасці, гэта датычыцца аналізу крыві на імунаглабулін G. Паводле слоў загадчыка аддзялення, такая дыягностыка абсалютна сябе не апраўдала, таму ўсе сучасныя міжнародныя рэкамендацыі - як еўрапейскія, так і амерыканскія - не ўключаць гэты метад для вызначэння алергіі.

Дзмітрый Буза таксама абвергнуў міф, звязаны з тым, што нібыта абавязкова трэба вызначыць алерген, каб пазбавіцца ад якіх-небудзь праяў. Ён растлумачыў, што ў дзяцей першых трох гадоў жыцця, паводле даных розных аўтараў, у 60-80 працэнтах выпадкаў размова ідзе аб псеўдаалергіі, калі знайсці алерген немагчыма. "У гэтай сітуацыі ніводны тэст не дасць характарыстыку, на які прадукт ёсць рэакцыя. Займанне самадыягностыкай, правядзенне шматлікіх тэстаў, як паказвае практыка, гэта непатрэбная трата грошай і нерваў дзіцяці", - лічыць спецыяліст.

У дзяцей першых трох гадоў жыцця пераважае паталогія скуры, у прыватнасці атапічны дэрматыт. Да 20 працэнтаў дзяцей першага года жыцця маюць тыя ці іншыя скурныя праблемы. Пры гэтым раней было распаўсюджана меркаванне, што дыятэз - гэта схільнасць арганізма да пэўных захворванняў і алергіі. Сёння лічыцца, што гэта першы крок да атапічнага дэрматыту. Таму нават мінімальныя праблемы, якія ўзнікаюць на скуры, патрабуюць пэўнай карэкцыі, звярнуў увагу Дзмітрый Буза. Харчовая алергія і праявы атапічнага дэрматыту з узростам пераходзяць у дыхальныя праблемы, развіваецца алергічны рыніт і бранхіяльная астма. На шчасце, большасць пацыентаў у Беларусі - з лёгкай формай гэтага захворвання.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі больш за ўсё на ўліку ў алерголагаў знаходзіцца дзяцей з бранхіяльнай астмай - амаль 21 тыс. (у Мінску - каля 5,5 тыс.). Па большай частцы гэта пацыенты старэйшага ўзросту. Далей па распаўсюджанасці - атапічны дэрматыт і алергічны рыніт. Разам з тым далёка не ўсе пацыенты з рынітам звяртаюцца да медыкаў, таму на самай справе гэта захворванне ёсць у значна большай колькасці дзяцей і дарослых.

Алергічныя захворванні можна паспяхова кантраляваць. Дасягненне кантролю, паводле слоў спецыяліста, - гэта значыць, што дзіця вядзе звычайны лад жыцця і захворванне не аказвае ўплыву ні на вучобу, ні на адпачынак. Гэтага можна дасягнуць з дапамогай пэўных медыкаментозных прэпаратаў і мазей у залежнасці ад віду захворвання, а таксама шляхам выключэння кантакту з алергенам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі