Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 верасня 2020, 17:10

Медыяцыю плануюць часцей прымяняць для наладжвання дыялогу паміж урачамі і пацыентамі

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Магчымасці медыяцыі плануюць часцей прымяняць для наладжвання дыялогу паміж урачамі і пацыентамі, паведаміў журналістам выконваючы абавязкі міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, каменціруючы падпісанае з Беларускай асацыяцыяй урачоў пагадненне аб супрацоўніцтве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адзін з важнейшых элементаў пагаднення - узмацненне абароны правоў медработнікаў пры ажыццяўленні імі прафесійнай дзейнасці. Будуць выкарыстоўвацца дапамога адвакатаў, медыяцыя.

"Медыяцыя, на нашу думку, больш правільны і важны крок пры наладжванні вельмі складанага ўзаемадзеяння "ўрач - пацыент". Тым больш што да доктара, як правіла, звяртаюцца не ў самы лепшы перыяд жыцця. Медыяцыя, калі раптам адбываюцца нейкія ўскладненні, адзін з элементаў фарміравання ўзаемаадносін", - сказаў Дзмітрый Піневіч.

У сувязі з гэтым выконваючы абавязкі міністра заўважыў: калі раней у адносінах паміж урачом і пацыентам дамінаваў патэрналізм (пацыент павінен прымаць на веру ўсё, што парэкамендаваў доктар), то цяпер усё часцей гавораць аб выпрацоўцы сумесных рашэнняў адносна таго, як будзе праходзіць лячэнне. "Пераходзім да інфармаванай згоды, калі доктар спрабуе максімальна, асабліва пры аператыўных умяшаннях, праінфармаваць пацыента аб узнікаючых ускладненнях", - дадаў ён.

Падпісанае пагадненне таксама важна з пункту гледжання камунікацыі з прафесійнымі і пацыенцкімі супольніцтвамі. "Гэта менш фармальны канал інфармацыі, каб ведаць, чым дыхае прафесійнае супольніцтва, якія яго запатрабаванні", - адзначыў Дзмітрый Піневіч. Больш таго, такое супрацоўніцтва дасць магчымасць аналізаваць клімат у калектывах, ведаць аб рэальных патоках пацыентаў, аб іх стаўленні ў цэлым да прафесіі ўрача.

Разам з тым і раней, як заўважыў выконваючы абавязкі міністра, было наладжана ўзаемадзеянне з такімі супольніцтвамі. У Беларусі, у прыватнасці, дзейнічаюць "вузкія" прафесійныя супольніцтвы рэўматолагаў, анколагаў, кардыёлагаў, стаматолагаў. Прымалася шмат рашэнняў сумесна з пацыенцкімі арганізацыямі.

Як паведамлялася, Міністэрства аховы здароўя і грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя ўрачоў" падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Подпіс пад дакументам паставілі выконваючы абавязкі міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч і старшыня асацыяцыі Дзмітрый Шаўцоў. Бакі дамовіліся аб супрацоўніцтве ў галіне ўдасканалення аказання медыцынскай дапамогі, фарміравання здаровага ладу жыцця, абароны інтарэсаў медыцынскіх работнікаў, павышэння кваліфікацыі работнікаў аховы здароўя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі