ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Пятніца, 23 красавіка 2021
Мінск Пераменная воблачнасць +3°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 лютага 2021, 15:02

Медабсталяванне, аздараўленне і харчаванне - прафсаюз расказаў пра дапамогу медыкам у пандэмію

Фота з архіва
Фота з архіва

5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі прафесійны саюз работнікаў аховы здароўя прадаўжае аказваць работнікам аховы здароўя сацыяльна-эканамічную і спонсарскую дапамогу для мінімізацыі наступстваў пандэміі, паведамілі БЕЛТА ў галіновым прафсаюзе.

З гэтай мэтай набываецца медыцынскае абсталяванне, папаўняюцца запасы СІА і сродкаў дэзынфекцыі, арганізоўваюцца дадатковыя зоны санапрацоўкі і месцы для харчавання работнікаў у чыстых зонах, ствараюцца валанцёрскія атрады. Акрамя таго, удзяляецца ўвага добраахвотнаму страхаванню работнікаў, якія аказваюць медыцынскую дапамогу пацыентам з COVID-19.

Штотыднёва з кастрычніка 2020 года праводзіцца цэнтралізаваны маніторынг наяўнасці сродкаў аховы работнікаў на ўзроўні кожнай медустановы. "Паказчык забяспечанасці сродкамі аховы ў арганізацыях галіны - рэзервовы запас, разлічаны на 30 і больш дзён, - застаецца высокім па ўсіх рэгіёнах", - адзначылі ў прафсаюзе. У працоўных калектывах праводзіцца інфармацыйна-растлумачальная работа, якая датычыцца бяспекі работнікаў у час пандэміі COVID-19.

"Кантрольныя мерапрыемствы таксама ўключаюць у сябе праверку даступнасці дэзынфіцыруючых сродкаў для апрацоўкі рук, стварэнне кропак ачысткі і дэзынфекцыі, фіксацыю дзвярэй у адкрытым стане для змяншэння дотыку дзвярных ручак (за выключэннем дзвярэй, неабходных для ажыццяўлення пажарнай бяспекі)", - дадалі ў прафсаюзе.

Не застаюцца ўбаку і пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі. Напрыклад, за студзень бягучага года матэрыяльную дапамогу ў памеры каля Br18 тыс. атрымалі работнікі Мінскай цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы, якія перанеслі COVID-19. За кошт сродкаў прафсаюзнай арганізацыі УАЗ "Любанская ЦРБ" набыты неабходныя прадметы аховы і гігіены на суму амаль Br2 тыс., а работнікам бальніцы - членам прафсаюза выплачана матэрыяльная дапамога ўсяго на больш як Br11 тыс. Яшчэ амаль Br15 тыс. матэрыяльнай дапамогі атрымалі ў студзені члены прафсаюза Вілейскай ЦРБ, якія доўга хварэюць на COVID-19. Фінансавая дапамога гэтай прафсаюзнай арганізацыі на закупку ўстановай аховы здароўя сродкаў аховы і гігіены склала амаль Br1,3 тыс.

Вялікае значэнне ў барацьбе з COVID-19 мае бязвыплатная (спонсарская) дапамога арганізацыям аховы здароўя для вырашэння іх неадкладных патрэб. Напрыклад, Брэсцкі абкам прафсаюза накіраваў Br2 тыс. бязвыплатнай спонсарскай дапамогі Брэсцкай станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. Сродкі патрачаны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, у прыватнасці набыццё форменнага адзення для супрацоўнікаў.

Віцебская і Гродзенская абласныя арганізацыі прафсаюза ў мінулым месяцы накіравалі на дапамогу медыкам у барацьбе з COVID-19 больш як Br18 тыс., пры гэтым матэрыяльная падтрымка абласных камітэтаў для 69 работнікаў аховы здароўя склала больш як Br10 тыс.

Акрамя таго, прафкамы арганізацый аховы здароўя актывізавалі работу па накіраванні членаў прафсаюза, якія перанеслі COVID-19, на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне ў санаторыях УП "Белпрафсаюзкурорт". Напрыклад, прафкам Мінскай абласной клінічнай бальніцы накіраваў трох работнікаў, якія перанеслі COVID-19, у санаторый "Беларусачка". Пуцёўка аплачана цалкам за кошт пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.

У 2021 годзе прадоўжылі работу валанцёрскія атрады, арыентаваныя на дапамогу практычнай ахове здароўя ў процідзеянні COVID-19. Студэнты-валанцёры Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта пашырылі геаграфію дапамогі: цяпер яны садзейнічаюць рэабілітацыі пацыентаў пасля COVID-19 і ў Жлобіне. Група з 12 студэнтаў дапамагае тым, хто перанёс COVID-19. За час работы ў стацыянарах Гомеля і Рэчыцы валанцёры атрымалі значны вопыт у рэабілітацыі, яны валодаюць прыёмамі рэспіраторнай і фізічнай рэабілітацыі, а таксама здольны матываваць пацыента на выздараўленне.

У арганізацыях галіны створаны дадатковыя месцы для харчавання работнікаў у чыстых зонах. Гарачае харчаванне за кошт прафсаюзнага бюджэту забяспечана работнікам Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Ва ўстановы, дзе на тэрыторыі няма кропак грамадскага харчавання (буфетаў або сталовых), дастаўляюць гарачае харчаванне. Такім чынам у Мінску арганізавана харчаванне работнікаў Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, 10-й і 6-й гарадскіх бальніц.

Пільная ўвага забеспячэнню сродкамі індывідуальнай аховы, кантролю іх наяўнасці, а таксама аздараўленню медработнікаў, якія пернеслі каранавірусную інфекцыю, страхаванню будзе надавацца і далей, адзначылі ў Беларускім прафсаюзе работнікаў аховы здароўя.

Па ўсіх пытаннях, якія датычацца працоўных адносін, у тым ліку зарплаты, даплат за асаблівыя ўмовы працы па ўказе нумар 131 ад 16 красавіка 2020 года, гатовы пракансультаваць спецыялісты Рэспубліканскага камітэта, рэгіянальных арганізацый прафсаюза, у тым ліку праз прафсаюзную тэлефонную гарачую лінію. Тэлефанаваць можна па нумарах +375 44 584-72-27, (8017) 242-83-54.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі