Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 верасня 2020, 13:17

Масавая вакцынацыя супраць грыпу стартавала ў Беларусі

15 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі сёння стартавала масавая вакцынацыя супраць грыпу, паведаміла журналістам у прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

"У гэтым годзе вакцынацыя пачынаецца крыху раней. Звычайна мы пачынаем з 1 кастрычніка. Гэта абумоўлена цыркуляцыяй у бягучым годзе каранавіруснай інфекцыі. Для таго каб забяспечыць больш лёгкае праходжанне вірусных інфекцый, вырашылі пачаць вакцынацыю крыху раней. У тым ліку гэта звязана і з прагнозамі надвор'я. Лепш цяпер зрабіць, пакуль няма даволі халоднага надвор'я, і для таго, каб да масавага ўздыму захваральнасці на ВРВІ паспеў выпрацавацца імунітэт", - расказала Іна Карабан.

Для вакцынацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў закуплена вакцына расійскай вытворчасці "Грыпол Плюс". "Мы ёй карыстаемся на працягу многіх гадоў. Яна зарэкамендавала сябе як дастаткова эфектыўная вакцына, добра пераносіцца дарослымі і дзецьмі. Для аказання платных паслуг будуць закуплены вакцыны "Ваксігрып Тэтра", "Ультрыкс Вакцына", "Інфлювак". Усе вакцыны пры паступленні ў краіну праходзяць кантроль бяспекі і якасці", - адзначыла начальнік аддзела.

Іна Карабан падкрэсліла, што ў 2019 годзе вакцынацыя дала магчымасць прадухіліць больш за 140 тыс. выпадкаў захворванняў грыпам, у тым ліку каля 17 тыс. - ва ўскладненай форме. "Эфектыўнасць вакцынацыі даволі высокая, і людзі павінны разумець, што гэты сезон у нас асаблівы. Таму мы заклікаем усіх вакцынавацца. Мой прыклад: я ўжо больш за 10 гадоў вакцынуюся кожны год і лабараторна пацверджанага грыпу ў мяне не было. Калі і былі прыкметы ВРВІ, то яны ў даволі лёгкай форме і хутка праходзілі", - дадала яна.

Як і ў мінулыя гады, плануецца вакцынаваць не менш як 40 працэнтаў насельніцтва Беларусі. "Асаблівая ўвага - асобам старэйшым за 65 гадоў, якія маюць хранічную паталогію, для таго каб яны ў гэтым годзе не адмаўляліся ад вакцынацыі. Паколькі наслаенне захворвання грыпам і каранавірусам можа вельмі негатыўна паўплываць на стан іх здароўя", - дадала начальнік аддзела.

Як растлумачыла кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па грыпе і іншых вострых рэспіраторных захворваннях Наталля Шмялёва, састаў вакцыны штогод карэкціруецца ў залежнасці ад антыгенных уласцівасцей вірусаў, якія цыркулявалі. "Характэрнай асаблівасцю вірусаў грыпу з'яўляецца тое, што ім уласціва актыўная мутацыя. Вакцына, якая будзе прымяняцца ў гэтым сезоне, ужо з абноўленым антыгенным саставам па ўсіх трох кампанентах. Таму, калі нам задаюць пытанне "ці трэба мне прышчэплівацца ў гэтым годзе, калі я прышчэпліваўся ў мінулым?", то адназначна трэба, паколькі новая вакцына забяспечыць больш поўную ахову", - рэзюмавала яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі