Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 снежня 2019, 11:01

Марзалюк: у гісторыі ёсць рэчы сакральныя, якія ніхто не павінен кранаць

4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У гісторыі ёсць рэчы сакральныя, якія ніхто не павінен кранаць. Такое меркаванне ў час першага пасяджэння праекта "Экспертнае асяроддзе" - "Парламент 7-га склікання: задачы заканадаўчай галіны ўлады" ў прэс-цэнтры БЕЛТА выказаў дэпутат Ігар Марзалюк.

Сярод найбольш актуальных задач, якія трэба будзе вырашаць новаму складу парламента, Ігар Марзалюк назваў стварэнне ўмоў для прадаўжэння індустрыялізацыі, паскоранага развіцця навукі і адукацыі. Яны павінны быць драйверамі беларускай эканомікі. Важным аспектам дэпутат лічыць абарону нацыянальнай гуманітарнай прасторы. У сувязі з гэтым ён нагадаў аб тым, што ў Беларусі прынята канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі. "Яна павінна знайсці адлюстраванне ў заканадаўчых актах. У гэтым напрамку нам трэба ісці з улікам еўрапейскага, амерыканскага вопыту", - лічыць Ігар Марзалюк.

Парламентарый падкрэсліў, што ў Ізраілі, ЗША, еўрапейскіх краінах развіваюць палітыку гістарычнай памяці. Так, у Польшчы прыняты шэраг законаў аб адзіна магчымай інтэрпрэтацыі тых ці іншых гістарычных падзей. "Ёсць рэчы сакральныя, якія ніхто не павінен кранаць, - перакананы Ігар Марзалюк. - Калі факт устаноўлены, ён бясспрэчны, дакументаваны, а нехта пачынае расказваць нешта іншае, ілгаць і трансліраваць гэта ў масмедыя, то за такія рэчы трэба адказваць".

Дэпутат з задавальненнем адзначыў, што вынікі самых розных сацдаследаванняў сведчаць ад тым, што большасць беларусаў самымі важнымі падзеямі ў гісторыі краіны лічаць Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне і здабыццё сваёй дзяржаўнасці. Ёсць культурныя героі, якіх ведае і шануе ўсё грамадства: Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Леў Сапега, Францыск Скарына. Гэта Ігар Марзалюк лічыць падмогай у развіцці гістарычнай палітыкі, якая павінна паслужыць далейшаму ўмацаванню беларускай дзяржаўнасці.

У прэс-цэнтры БЕЛТА адбылося першае пасяджэнне сумеснага з Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў праекта "Экспертнае асяроддзе". Удзельнікі абмеркавалі самую актуальную тэму палітычнага сезона-2019 - "Парламент 7-га склікання: задачы заканадаўчай галіны ўлады".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі